Сенатар Тэхасу больш уплывовы, чымся Уладзімір Пуцін – рэйтынг часопісу «Time»


Пуцін спусціўся з першага на 29 месца ў рэйтынгу самых уплывовых людзей свету, паводле часопісу «Time».

Першае месца ў рэйтынгу заняла кіраўніца Міжнароднага валютнага фонду Крыстын Лягард (Christine Lagarde). Прэзідэнта Расеі таксама апярэдзілі дзяржсакратар ЗША Джон Керы (John Kerry), канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель (Angela Merkel), бізнесмен Доналд Трамп (Donald Trump) і кіраўнік Азіяцкага банку інфраструктурных інвестыцыяў Цзінь Лі Цюнь (Jin Liqun). Яны ўвайшлі ў пяцёрку самых уплывовых людзей планеты паводле версіі часопісу.

Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама (Barack Obama) заняў 13 месца ў рэйтынгу. Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан (Hillary Clinton) заняла 18 радок. Пуціна таксама апярэдзіў іншы кандыдат у прэзідэнты ЗША, сенатар ад Тэхасу Тэд Круз (Ted Cruz), які балатуецца ад Рэспубліканскай партыі. Ён заняў 23 месца. Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд (François Hollande) заняў 22 радок.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган (Recep Erdoğan) ідзе следам за Пуціным, часопіс змясціў яго на 30 месца. А кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын (Kim Jong-un) ідзе следам – ​​на 31 радку.

Таксама ў рэйтынг увайшоў расеец Юрый Мільнер, які разам з фізікам Стывэнам Гокінгам (Stephen William Hawking) збіраецца адправіць зонд у галактыку Альфа Цэнтаўра для пошуку іншапланетнага жыцця.

Год назад Уладзімір Пуцін узначаліў рэйтынг 100 самых уплывовых людзей свету, паводле часопісу «Time».

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў