Сенат ЗША ухваліў праграму падтрымання эканомікі і грамадзянаў краіны

У ЗША Сенат Кангрэсу адзінагалосна прагаласаваў за законапраект аб мерах эканамічнага падтрымання кампаніяў, жыхароў і сістэмы аховы здароўя ЗША на фоне пандэміі каронавіруснай інфекцыі COVID-19. Пра гэта паведамляе «Associated Press».

Спіс антыкрызісных захадаў, якія прыняў Сенат ЗША, занатаваны на 880 старонках. Такім чынам гэта самы вялікі законапраект аб эканамічнай дапамозе ў гісторыі ЗША. Дакумент прадугледжвае вылучэнне 2,2 трыльёны долараў, што таксама з’яўляецца найбуйнейшай праграмай падтрымання ў гісторыі ЗША. Сродкі накіруюць грамадзянам краіны, бізнесу, медыкам.

Пасля адзінагалоснага адабрэння ў Сенаце законапраект паступіць на разгляд у Палату прадстаўнікоў. Потым дакумент атрымае прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, які раней заявіў, што гатовы адразу падпісаць законапраект.

Прадугледжваецца, што ў межах пакету мільёны амерыканцаў з прыбыткам ніжэй пэўнага ўзроўню атрымаюць ад дзяржавы дапамогу. Грамадзянам ЗША выплацяць па 1200 долараў і па 500 долараў на кожнае дзіця.

Раней фондавы рынак рэзка павялічыўся на фоне чаканняў, што Кангрэс ЗША ўхваліць пакет антыкрызісных захадаў ва ўмовах каронавірусу.

Аптымізм на фондавым рынку: індэксы рэзка пайшлі ўверх

СК belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны