Сэканд-хэнд супраць беларускіх марак: прымяраем і прыцэньваемся. Эксперымент «Белсату»


З тых часоў, як старшыня «Беллёгпраму» Таццяна Лугіна заявіла пра неабходнасць дадатковага рэгулявання гандлю ўжыванымі рэчамі, не сціхаюць размовы аб магчымым закрыцці ў Беларусі сэканд-хэндаў. Галоўны матыў кіраўніцтва прадпрыемства – жаданне, каб «любоў да беларускай вопраткі ў насельніцтва толькі прырастала». Ці зможа беларуская прамысловасць замяніць тавары з сэканд-хэнду? Журналістка «Белсату» падабрала па тры строі – на кожны дзень, для працоўных будняў і вячэрні – у секцыі з беларускімі таварамі і ў краме з ужыванымі рэчамі.

Сэканд-хэнд: доўга і танна

У сэканд-хэндзе на другім паверсе Пасажу на Нямізе, ёсць асобныя секцыі не толькі для жанчын, для мужчын і для дзяцей, але і тавары для дому – пасцельная бялізна, фіранкі, пакрывалы, а таксама спецвопратка – фартухі, яркія камізэлькі для дарожных службаў і белыя халаты для медработнікаў. Рэчы акуратна вывешаныя ў шэрагі ў адпаведнасці з памерамі. Пакупнікоў няшмат: акрамя мяне, яшчэ 4-5 чалавек.

Адзін з самых хадавых тавараў у сэканд-хэндзе спецвопратка. Фота Ірыны Арахоўскай, «Белсат»

Для варыянту на кожны дзень знаходжу цудоўную джынсавую спадніцу італьянскай фірмы «Benetton» за 20 рублёў, але – на памер менш, чым трэба. Раздрукоўка ў прымяральні радасна кажа: «Кожная рэч – унікальная! Усё ў адным экзэмпляры». Так, але патрэбнага памеру тут не знойдзеш. Для добрага шопінгу ў сэкандзе неабходная немалая доля ўдачы. Тым не менш, нават калі не вельмі шанцуе, што-небудзь на свой памер знайсці ўсё-такі можна. У выніку спыняюся на вельветавай міні-спадніцы і шэрай футболцы з мужчынскага аддзелу. Спадніца ў ідэальным стане, а вось па кашульцы відаць, што яе ўжо насілі, хоць ні дзірак, ні іншых відавочных слядоў носкі няма.

Футболка 7 рублёў, спадніца – 15 рублёў. Фота Ірыны Арахоўскай, «Белсат»

Насуперак чаканням, самай складанай задачай было знайсці вопратку для працоўных будняў. Крама поўніцца штанамі і кашулямі, з выгляду чыстымі і цэлымі, яны захавалі колер і гузікі, але вось фасоны… Адразу прыходзяць у галаву нямецкія пенсіянеры: здаецца, нават яны ў такіх фарсілі гадоў 10 таму. Добра, што мне не даводзіцца прытрымлівацца строгага дрэс-коду: замест кашулі і штаноў пасля доўгіх пошукаў выбіраю сукенку фірмы «Classic Elegance» з дробным прынтам. На папяровай пазнацы крамы горда значыцца – «Італія», а вось на бірцы самой сукенкі – «Made in China». Аднак, улічваючы цану 12 рублёў, недакладнасць можна дараваць.

Трыкатажная сукенка за 12 рублёў. Фота Ірыны Арахоўскай, «Белсат»

Перабіраючы вешалкі з рэчамі ў пошуках апошняга, вячэрняга строю, заўважаю стыльна апранутую дзяўчыну. Прызнаюся, што сама тут па працы. «А я шукаю штаны для выступу», – кажа яна. «Я танцую, неўзабаве канцэрт, на адзін раз шкада новыя купляць». Аня – так завуць дзяўчыну – распавядае, што часам купляе ў сэкандзе і рэчы для жыцця па-за сцэнай, «але больш – мас-маркет». «А калі закрыюць сэканды, будзеце ў нашых вытворцаў купляць?» – цікаўлюся. Аня ўсміхаецца: «Не. У нашых я толькі майткі і шкарпэткі купляю. Астатняе неяк не падабаецца – ні якасць, ні дызайн».

Тым часам мне трапляецца маленькая чорная сукенка невядомага вытворцы за 22 рублі. Пазнак ні з фірмай, ні са складам няма, але адчуваецца, што гэта не шляхетны шоўк, а танны паліэстар. Затое сядзіць амаль ідэальна. Нядрэнны строй на адзін вячэрні выхад.

Сукенка невядомага вытворцы за 22 рублі. Фота Ірыны Арахоўскай, «Белсат»

Аня сыходзіць з крамы з шырокімі штанамі для канцэрту за 15 рублёў. А прадавец Аліна (імя змененае па просьбе гераіні), даведаўшыся, што я ў сэкандах на заданні, не хавае заклапочанасці: тэма магчымага закрыцця крамаў з ужыванымі таварамі хвалюе яе не толькі як прадаўца, але і як спажыўца: «Калі нас пазачыняюць, народу няма дзе апранацца будзе. У мяне ўсё адсюль, і мужа апранаю. Я яму раз набыла майку беларускую. Аддала 20 рублёў, адзін раз папрала – і ўсё, на два памеры меншая. А ў нас паглядзіце, якая якасць! І выкінуць потым, калі што, не шкада».

Сэканд-хэнд у Пасажы на Нямізе

Прадавец распавядае, што ў краме бываюць артысты і тэлевізійныя вядоўцы, але імёнаў не называе – «а раптам яны саромеюцца». Паводле Аліны, самыя хадавыя рэчы ў краме – мужчынскае і дзіцячае адзенне і пасцельная бялізна. «І напішыце, што поўныя людзі часта да нас прыходзяць: нашыя на іх нічога не шыюць, для іх сэканды – адзінае выйсце», – кажа Аліна. Веру.

Беларускія маркі: хутка і дорага

За строямі ад беларускіх марак адпраўляюся ў секцыю ў гандлёвым доме «На Нямізе». Там на здзіўленне шмат людзей: аказваецца, менавіта ў гэты дзень на ўсе тавары дзейнічае 30-адсоткавая зніжка. Жанчыны, пераважна сярэдняга і пенсіённага ўзросту, паспешліва перабіраюць шчыльна развешаныя блузы, сукенкі, сарафаны. 30-градусная спёка і адсутнасць у краме кандыцыянера вымушаюць не марудзіць з выбарам.

Секцыя тавараў беларускіх марак у гандлёвым доме «На Нямізе». Фота Ірыны Арахоўскай, «Белсат»

Але пастаяць даводзіцца ў чарзе: у адрозненне ад крамаў мас-маркету, тут ніхто не сочыць, колькі рэчаў бяруць у кабінкі патэнцыйныя пакупніцы, і тым больш не ўручае зневажальнай біркі з лічбай, якая адпавядае колькасці ўзятых рэчаў, каб перадухіліць крадзяжы.

Пасля прымеркі для паўсядзённага ўбору спыняюся на сіняй сукенцы віцебскай фабрыкі «Палінушка». Склад выдатны: 100 % лён. Але і кошт – 100 рублёў. Яшчэ адзін мінус – сукенка «кусаецца» на зборцы.

Сукенка віцебскай фабрыкі «Палінушка» за 100 рублёў. Фота Ірыны Арахоўскай, «Белсат»

Паўсядзённы строй для працы ў рэдакцыі таксама знаходжу хутка: айчынны вытворца навучыўся шыць сукенкікашулі, ідэальныя для лета. Выбіраю блакітную сукенку-кашулю берасцейскага брэнду «Prio» за 89 рублёў.

Сукенка-кашуля «Prio» за 89 рублёў. Фота Ірыны Арахоўскай, «Белсат»

Складаней за ўсё аказалася знайсці строй для вячэрняга выхаду: у асноўным трапляюцца сукенкі з напаўпразрыстымі ўстаўкамі, больш прыдатныя для сцэнічнага вобраза Ірыны Алегравай узору 95-га года, або маркотныя трыкатажныя ўборы з геаметрычным узорам тых жа часоў. У рэшце неахвотна спыняюся на даўгой ружовай сукенцы той жа берасцейскай фабрыкі «Prio». Мінус – 100 % паліэстар. Яшчэ адзін мінус – кошт 100 рублёў. Плюс – выглядае лепш, чым астатнія вячэрнія строі з гэтага аддзелу.

Сукенка «Prio» за 100 рублёў. Фота Ірыны Арахоўскай, «Белсат»

Пакуль я прымяраю свае строі, поўная жанчына з суседняй кабінкі просіць парады, ці браць летні сарафан. На кручку каля сейнай кабінкі вісіць дзясятак адсеяных варыянтаў: «То ў плячах вялікае, то тапырыцца, а яно ж сто рублёў каштуе!».

Гандлёвы дом «На Нямізе»

Іншая жанчына выходзіць з прымяральні і пытаецца нас з фатографам: «Дзяўчынкі, як вы думаеце, гэта я правільна надзела? А навошта тут гэтыя кішэні, да чаго яны?» Мы таксама губляемся ў здагадках: кішэні на сукенцы ззаду, у раёне паясніцы, сапраўды выглядаюць дзіўна. Аднак наступная сукенка на жанчыне сядзіць як улітая, мы з фатографам па просьбе жанчыны зноў хорам ставім дыягназ: «Браць!»

Вынік

Тры камплекты ў краме з беларускімі таварамі абышліся б у 289 рублёў, у сэканд-хэндзе – у 56 рублёў. Але калі ў першай краме на выбар сышло каля паўгадзіны, то ў сэкандах прыйшлося выдаткаваць больш за дзве гадзіны. У абедзвюх крамах, каб знайсці нешта годнае, даводзіцца пастарацца і перабраць не адзін дзясятак вешалак.

Але эксперымент застаўся эксперыментам, з абедзвюх крамаў я пайшла з пустымі рукамі. Самым панадлівым здалася ільняная сукенка ад «Палінушкі».

Але нават улічваючы зніжку 30 %, я амаль не сумняваюся, што знайшла б за гэтыя грошы нешта цікавейшае ў крамах мас-маркету. Здаецца, менавіта яны – асноўны канкурэнт беларускіх крамаў, а зусім не сэканд-хэнды.

Марына Вашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары