СБУ знайшла ў «ЧВК Вагнэра» 11 беларусаў. Хто яны?


Служба бяспекі Украіны сцвярджае, што знайшла ў шэрагах так званай «ЧВК Вагнэра» 11 грамадзянаў Беларусі. Дадзеныя 6 з іх фігуруюць у адкрытай частцы дакладу ўкраінскай спецслужбы. Belsat.eu сабраў усю вядомую на дадзены момант інфармацыю пра беларусаў-вагнэраўцаў.

Скрыншот з дакладу СБУ

Канстанцін Гірс, 32 гады, Наваполацк.

Канстанцін Гірс, фота – VK

Дадзеныя Гірса ўжо некалькі гадоў можна знайсці ва ўкраінскай базе «Міратворац». Гірс служыў у в/ч 52287 у Віцебску (103-я дэсантная дывізія). На Данбасе нібыта ваяваў пад Новаазоўскам.

Карэспандэнт belsat.eu звязаўся з Гірсам, але той назваў дасье СБУ «трызненнем», адзначыў, што не ваяваў на Данбасе і адмовіўся даваць інтэрв’ю.

Вадзім Юшкевіч, 37 гадоў, Наваполацк.

Вадзім Юшкевіч, фота – VK

Вадзім Юшкевіч, паводле «Міратворца», ваяваў на Данбасе ў складзе батальёну спецназу «Хан» узброеных фармаванняў «ДНР». У Беларусі працаваў міліцыянтам – нібыта быў афіцэрам наваполацкай міліцыі, узначальваў наркакантроль.

Аляксандр Ступніцкі, 28 гадоў, Ворша.

Аляксандр Ступніцкі з жонкаю, фота – VK

Паводле «Міратворца», на Данбасе Ступніцкі атрымаў пазыўны «Малік», меў спецыяльнасць – выведнік-сувязіст. Ягоная жонка – ураджэнка Данецку.

Сяргей Сазанаў, 45 гадоў, Рэчыца.

Сазанаў 17 гадоў адпрацаваў у міліцыі, яшчэ ў 90-х мясцовыя выданні пісалі пра яго, як пра найлепшага дэтэктыва. У 2015 годзе ў Беларусі яго пазбавілі пасведчання кіроўцы нібыта за ўжыванне псіхатропных рэчываў (сам ён сваю віну не прызнаваў і спрабаваў рашэнне абскардзіць). Гэтаму выпадку нават прысвяціў артыкул TUT.by – праўда, у ім нічога пра службу Сазанава на Данбасе ці ў Сірыі не паведамлялася.

Газета “Дняпровец” у 1998 годзе прысвяціла артыкула міліцыянту Сяргею Сазанаву
У 2006 годзе мясцовыя СМІ таксама пісалі пра цяперашняга фігуранта дакладу СБУ
А вось прысвечаная Сазанаву публікацыя за 2010 год

Эдвард Давыдаў, 27 гадоў, Іванава (Берасцейшчына).

Эдвард Давыдаў, фота – VK

Яго дадзеныя таксама ёсць на «Міратворцы», аднак звестак там мінімум – паведамляецца толькі, што ён ваяваў на Данбасе і мае татуіроўку на левым плячы.

Руслан Бабінін, 51 год, Менск.

Руслан Бабінін, скрыншот з фільму тэлеканалу “Россия”

Вядома, што Бабінін праходзіў службу ў французскім Замежным легіёне – ён нават фігураваў у дакументальным фільме расейскага тэлебачання 2003 года «Жаўнеры ўдачы».

Belsat.eu патэлефанаваў маці Бабініна, якая распавяла нам, што яе сын ужо 23 гады жыве ў Францыі і за гэты час прыязджаў на радзіму толькі аднойчы. Між тым, з аналізу старонак Бабініна ў сацсетках вынікае, што ён вельмі часта наведвае Расею.

Акрамя беларусаў, украінцаў і расейцаў у дакладзе СБУ фігуруюць 4 грамадзяніна Малдовы, 2 казаха, 1 армянін і 1 узбек.

Нагадаем, «ЧВК Вагнэра» фактычна з’яўляецца сакрэтным падраздзяленнем расейскага войску і неафіцыйна падначалена Генштабу РФ. Спецслужбы Украіны сцвярджаюць, што вагнэраўцы датычныя да знішчэння ўкраінскага самалёта Іл-76 на Данбасе, удзельнічалі ў штурме Луганскага аэрапорту і баях за Дэбальцава. У Сірыі вагнэраўцы адзначыліся пры штурме Пальміры ў сакавіку 2016 году і шэрагу іншых аперацый. Паводле СМІ, мінімальная стаўка для шарагоўца ў «ЧВК Вагнэра» – каля 250 тыс. расейскіх рублёў (больш за 4.300 USD), але з рознымі бонусамі гэтая лічба можа дасягаць 450 тыс. (больш за 7.800 USD). Асобна прадугледжаны выплаты параненым і сваякам забітых.

ІІ, КА, belsat.eu

Стужка навінаў