СБУ заявіла, што КДБ спрабаваў завербаваць украінца


Служба бяспекі Украіны 25 красавіка заявіла пра спробу вербавання ўкраінца з боку КДБ Беларусі.

Паводле СБУ, гэта адбылося падчас паездкі ўкраінца да сваякоў у Беларусь.

«Праваахоўнікі ўстанавілі, што жыхар аднаго з памежных населеных пунктаў Чарнігаўскай вобласці перыядычна выязджаў у Беларусь, каб наведаць сваякоў. Падчас чарговай паездкі ўкраінец быў затрыманы праваахоўнымі органамі гэтай краіны за нібыта парушэнне правілаў гандлю. Пры гэтым прадстаўнікі КДБ Беларусі, пагражаючы крымінальным пераследам, патрабавалі ад мужчыны перадаваць інфармацыю аб ваенных аб’ектах, размешчаных на прымежнай тэрыторыі. Атрыманыя звесткі неабходна было перадаваць прадстаўніку беларускай спецслужбы падчас выездаў у РБ», – гаворыцца ў паведамленні.

Па вяртанні ва Украіну ён даў СБУ паказанні аб вербаванні і быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці. У зваротным выпадку, яму б пагражала да 15 гадоў зняволення за дзяржаўную здраду (арт. 111 КК Украіны).

Адметна, што вельмі падобную гісторыю СМІ распавядалі яшчэ ў студзені гэтага году. Тады гаворка вялася аб грамадзяніне Украіны, які пражыў у Гомельскай вобласці 11 гадоў і час ад часу ездзіў дадому ў горад Рэпкі на Чарнігаўшчыну. Яго спрабавалі завербаваць супрацоўнікі КДБ проста на памежным пераходзе «Новая Гута», але той распавёў СБУ і суд вызваліў яго ад адказнасці.

Лагічна дапусціць: альбо гэта два вельмі падобныя выпадкі, якія здарыліся з двума ўкраінцамі ў розны час, альбо гэта адзін і той жа чалавек, і СБУ з пэўнай прычыны вырашыла апублікаваць заяву менавіта цяпер.

Belsat.eu накіраваў пісьмовы запыт у прэс-службу СБУ, каб даведацца акалічнасці справы.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў