СБУ затрымала беларуса, які ваяваў у батальёне «Самалі»


Як паведамляе пракуратура Данецкай вобласці, 10 жніўня Служба бяспекі Украіны затрымала 30-гадовага грамадзяніна Беларусі, які, імаверна, ваяваў на баку сепаратыстаў.

Паводле дадзеных сілавікоў, беларус, чые імя не называецца, ваяваў у складзе танкавага батальёну «Самалі» на Данбасе з 2014 года. Ён займаў пасаду камандзіра танка і атрымаў званне «старэйшага сяржанта». Падкрэсліваецца, што за сваю дзейнасць ён атрымліваў грашовую ўзнагароду.

Пракуратура Данецкай вобласці сцвярджае: згаданы беларус браў актыўны ўдзел у захопе Данецкага аэрапорту зімою 2015 года. Пасля гэтага ён пакінуў шэрагі «Самалі» на пэўны час, але ў 2015 годзе зноў вярнуўся на вайну і яго залічылі ў адну з вайсковых частак «ДНР».

Цяпер ён перабывае ў следчым ізалятары, яму паведамілі пра падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт 258-3 КК Украіны (стварэнне або ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі). Пакаранне па гэтым артыкуле – ад 8 да 15 год турмы.

Суд абраў беларусу ў якасці меры стрымання змяшчэнне пад варту на 60 дзён. Адметна, што гэта першы выпадак затрымання ва Украіне беларуса-баевіка «ДНР».

Як раней пісаў belsat.eu, на Данбасе ваюе прыкладна 1 тысяча беларусаў.

Hавiны
Колькі беларусаў прайшлі праз вайну на Данбасе? Расследаванне «Белсату»
2018.02.27 08:05

КА, belsat.eu

Стужка навінаў