Хто хацеў забіць Бабчанку па-сапраўднаму?


Кіраўнік СБУ Васіль Грыцак (злева) і журналіст Аркадзь Бабчанка (справа). 30 траўня 2018 г. Кіеў

30 траўня на брыфінг Службы бяспекі Украіны ў Кіеве прыйшоў Аркадзь Бабчанка. Жывы і здаровы.

Нагадаем, што 29 траўня намеснік генеральнага дырэктара тэлеканалу ATR Айдэр Муждабаеў (Ayder İzzet-oğlu Muzhdabaev) паведаміў у сваім «Facebook’у», што Аркадзя Бабчанку забілі.

На брыфінгу стала вядома, што ўкраінскія спецслужбы атрымалі інфармацыю пра падрыхтоўку замаху на Бабчанку і вырашылі правесці «спецаперацыю», інсцэнізаваўшы забойства журналіста, каб сабраць больш інфармацыі пра арганізатара забойства.

«Для рэалізацыі замаху спецслужбы Расеі завербавалі грамадзяніна Украіны Г., які павінен быў знайсці выканаўцаў. Г. прапанаваў знаёмаму, былому ўдзельніку АТО, забіць Бабчанку за $ 30 000. У якасці авансу яму перадалі $ 15 000. Усяго Г. атрымаў ад спецслужбаў Расеі $ 40 000. $ 10 000 ён пакінуў сабе за выкананне ролі пасярэдніка», – паведаміў кіраўнік СБУ Васіль Грыцак падчас брыфінгу.

На брыфінгу таксама паказалі запіс размовы (адбылася 27 красавіка) падчас перадачы грошай.

Пасля забойства Бабчанкі Г. планаваў выехаць з Украіны. У Расею.

«Арганізатар [замаху. – Заўв. Belsat.eu] затрыманы тры гадзіны таму ў Кіеве», – паведаміў кіраўнік СБУ.

Паводле кіраўніка СБУ, Г. планаваў забойства каля 30 асобаў. Забойства Бабчанкі планавалася ў якасці «пробнай аперацыі».

Відэа затрымання арганізатара замаху на Аркадзя Бабчанку

Спецаперацыя доўжылася 2 месяцы. Аркадзь Бабчанка быў папярэджаны пра яе правядзенне месяц таму.

Кіраўнік камітэту Савета Федэрацыі Расеі ў міжнародных справах Канстанцін Касачоў назваў сённяшні брыфінг у Кіеве «правакацыяй украінскіх спецслужбаў», якія хочуць «ачарніць Расею». Прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што гэта «лепшая навіна», але адзначыла наяўнасць «відавочнага прапагандысцкага эфекту» у гэтай гісторыі, не патлумачыўшы, што яна мае на ўвазе.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў