«СБ-Беларусь сегодня» зноў выступіла з крытыкай абаронцаў Курапатаў


Газета Адміністрацыі прэзідэнта «СБ-Беларусь сегодня» апублікавала чарговы матэрыял з крытыкай абаронцаў Курапатаў. На гэты раз тэкст быў не ананімны, ягоны аўтар – калумніст «Советской Белоруссии» Андрэй Мукавозчык, які летась выступаў у падтрымку крымінальнага пераследу фігурантаў справы «Белага легіёну».

Муказвочык зноў вінаваціць абаронцаў Курапатаў у самапіяры і спробе «прыватызаваць» курапацкую тэму. Пры гэтым імёны канкрэтных актывістаў і палітыкаў ён не называе, як не згадвае і рэстарацыю «Паедзем, паядзім».

Пра сталінскія рэпрэсіі Мукавозчык таксама нічога не піша, затое заяўляе, што ў Курапатах ляжаць не толькі ахвяры, але і каты, крымінальнікі і «памерлыя па натуральных прычынах». Калумніст іранізуе над тымі, хто «цягае на сабе піламатэрыялы, быццам біблейскі герой» (відавочна, маецца на ўвазе Зміцер Дашкевіч) і тымі, «хто чужых амбасадараў кліча, а сваім суграмадзянам прад’яўляе ўльтыматумы» (відавочна, маецца на ўвазе Павел Севярынец), сцвярджаючы, што выкарыстоўваюць яны «чыста савецкія метады».

«Адсюль прапанова – не да экстрэмістаў і радыкалаў, якія відавочна атрымліваюць ад тэмы Курапатаў вельмі дзіўныя, але ім, падобна, неабходныя дывідэнды. А да «інтэлектуалам», якія імкнуцца быць «сумленнем нацыі» (ну добра, не якія імкнуцца – проста так атрымалася) і маўчаць па прыродзе сваёй якія ня могуць. Можа, перастанем мусоліць «кабак на касцях» і вернемся да пабудовы «мемарыяла народнага смутку». Сімвала чагосьці, чаму пакуль няма (нават у вас) назвы, ёсць толькі адчуванне неабходнасці? Агульнага сімвала – для ўсіх і для кожнага. Сімвала памяці і смутку», – піша калумніст.

Гэта ўжо другі на працягу апошняга тыдня артыкул у газеце «Советская Белоруссия», у якім жорстка крытыкуюцца абаронцы Курапатаў. Прычым пра сутнасць канфлікту і саму рэстарацыю «Паедзем, паядзім» выданне нават не згадвае.

Нагадаем, раней за ўсталяванне крыжоў у Курапатах прэзідэнцкая газета «СБ-Беларусь сегодня» жорстка раскрытыкавала Змітра Дашкевіча. Выданне абвінаваціла актывіста ў самапіяры і парушэнні асаблівага ахоўнага статусу Курапатаў. Тады тэкст выйшаў без аўтарства.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў