Саюзу палякаў Беларусі – 30-гадоў


28 ліпеня сябры афіцыйна непрызнанай грамадскай арганізацыі, якая лучыць беларускіх палякаў, прыехалі ў Горадню на святкаванне юбілею.

Святкаванне трыццатых угодкаў існавання арганізацыі распачалося а 13-й урачыстай імшой у найстарэйшай каталіцкай святыні Горадні – Пабернардзінскім касцёле.

28 ліпеня 2018 года. Беларускія палякі чакаюць на імшу каля Пабернардзінскага касцёлу ў Горадні

Пасля літургіі з прамовай выступіў маршалак польскага сенату Станіслаў Карчэўскі.

У касцёле таксама быў зачытаны ліст прэм’ера Польшчы Матэвуша Маравецкага. У ім ён звярнуўся да палякаў, якія жывуць у Беларусі.

«Я перакананы, што польскую меншасць у Беларусі варта ўспрымаць у якасці мосту паміж нашымі краінамі», – гаворыцца ў лісце.

Пасля супольнай малітвы ўдзельнікі ўрачыстасці наведалі Вайсковыя могілкі.

Пазней у былым фальварку Антонія Тызенгаўза адбудзецца афіцыйная частка, на якую з’едуцца прадстаўнікі СПБ з усёй краіны.

Ува ўрачыстасцях бярэ ўдзел дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Напрыканцы святкавання павінен быў выступіць вядомы польскі рок-гурт «Lady Pank», але ўлады не дазволілі канцэрт па прычыне «адсутнасці пляцоўкі». Арганізатары святкавання запрашаюць гарадзенцаў, чальцоў ЗПБ і ўсіх, хто сімпатызуе арганізацыі, на канцэрт рокераў у Беласток.

Саюз палякаў у Беларусі паўстаў у 1988 годзе на базе Таварыства імя Адама Міцкевіча.

У ліпені 2000 года першы кіраўнік арганізацыі Тадэвуш Гавін адмовіўся ад пасады, ягонае месца заняў Тадэвуш Кручкоўскі. Менавіта з постаццю гэтага чалавека чальцы арганізацыі звязваюць пачатак спробаў зрабіць арганізацыю падкантрольнай дзяржаве. На той час саюз налічваў каля 30 тысяч сяброў і быў самай вялікай грамадскай арганізацыяй у краіне.

Пасля таго, як скончыўся тэрмін паўнамоцтваў старшыні Тадэвуша Кручкоўскага, на VI з’ездзе СПБ у сакавіку 2005 на пасаду кіраўнічкі звязу абралі Анджэліку Борыс. Аднак беларускія ўлады не прызналі вынікі з’езду. 27 жніўня 2005 года ў Ваўкавыску быў арганізаваны новы з’езд і праведзеныя чарговыя выбары. Дэлегаты абралі новага старшыню – Іосіфа Лучніка. Улады Рэспублікі Беларусь вынікі работы з’езду прызналі. У сваю чаргу ўлады Польскай рэспублікі — прэзідэнт і ўрад выказаліся, што будуць падтрымліваць толькі арганізацыю Анжалікі Борыс.

Кіраўнічка Саюза палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс дае інтэрв’ю польскаму каталіцкаму тэлеканалу «Trwam»

З таго часу ў Беларусі існуюць два звязы палякаў, адзін з якіх сёння фактычна нелегальны.

Сёння непрызнаны ўладамі СПБ аб’ядноўвае 10 тысячаў чалавек.

ДД

Глядзі таксама
Каментары