Саюз палякаў: новы закон аб адукацыі можа знішчыць польскія школы ў Беларусі


У Палаце прадстаўнікоў абяцаюць улічыць заўвагі Саюзу палякаў пры распрацоўцы новага закону.

Старшыня Камісіі ў пытаннях адукацыі, культуры і навукі Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк абяцае ўважліва вывучыць сітуацыю з польскімі школамі на Гарадзеншчыне. Паводле новага законапраекту, навучанне ды іспыты ў польскіх школах будуць пераведзеныя на адную з дзяржаўных моваў. Сябры Саюзу палякаў, занепакоеныя перспектывамі навучання дзяцей у гэткіх умовах, адзначаюць, што «улады пасылаюць супярэчлівыя сігналы».

«Марзалюк – не самастойная фігура, парламент – у нармальным разуменні – не з’яўляецца нават парламентам. І тут мы назіраем, што Адміністрацыя прэзідэнта дасылае супярэчлівыя сігналы: з аднаго боку, цвёрдая пазіцыя міністэрства адукацыі і больш мяккая – пазіцыя парламенту», – кажа журналіст Андрэй Пачобут, сябра СПБ.

Цяпер новы законапраект аб адукацыі, які закране і навучанне ў школах польскай меншасці, – на стадыі распрацоўвання ў Міністэрстве адукацыі.

Паводле Марзалюка, у часе слуханняў закону ў Палаце прадстаўнікоў створаць працоўную групу, якая будзе ўлічваць заўвагі Саюзу палякаў.
Школы з польскаю моваю навучання працуюць у Горадні і Ваўкавыску, там навучаюцца прыблізна 700 школьнікаў. Паводле сябраў Саюзу палякаў у Беларусі, перавод часткі навучання ды іспытаў на дзяржаўныя мовы можа прывесці да ліквідацыі польскіх школаў у краіне.

АН, ДД

Стужка навінаў