Саюз дызайнераў: Міністэрства культуры – на нашым баку


Дзмітрый Сурскі пасля сустрэчы ў Міністэрстве культуры.
Фота: МГ / belsat.eu

Міністэрства культуры Беларусі стала на бок творчых саюзаў у іх спрэчцы з Камітэтам дзяржаўнага кантролю. Пра гэта 24 студзеня ў размове з карэспандэнтам «Белсату» пасля сустрэчы ў Міністэрстве культуры распавёў старшыня Беларускага саюзу дызайнераў Дзмітрый Сурскі.

«Галоўныя вынікі – міністэрства на нашым баку. Міністэрства нас падтрымае. Горад нас таксама падтрымае, каб прыпыніць гэтыя «рэкамендацыі». Бо ніхто іх не бачыў, і міністэрству падаецца, што яны не абгрунтаваныя. І тое, што датычыць творчасці ды творчых майстэрань, – гэта толькі кампетэнцыя самога Міністэрства культуры. Да іх таксама камітэт не звярнуўся», – заявіў кіраўнік дызайнерскага аб’яднання.

Hавiны
Ці давядуць праверкі КДК да банкруцтва дызайнераў? У справу ўжо ўмяшаўся Мінкульт
2020.01.23 07:00

Міністр культуры пакуль знаходзіцца ў камандзіроўцы, але пасля яго вяртання плануецца параіцца з ім адносна таго, як далей рухацца, распавёў Дзмітрый Сурскі. Але ўжо 27 студзеня міністэрства накіруе свой зварот у сувязі з сітуацыяй у Менгарвыканкам.

Зала, у якой праходзіла сустрэча.
Фота: МГ / belsat.eu

Разам з тым суразмоўца адзначыў, што пакуль пагроза закрыцця майстэрняў яшчэ існуе.

«Пакуль яшчэ ніхто не адклікаў гэтыя рахункі з гэтымі велічэзнымі сумамі», – заявіў Дзмітрый Сурскі.

Аб’ектыў
Тысячы долараў у жыроўцы – за ложак ці лядоўню ў майстэрні дызайнера
2020.01.23 22:20

У Беларускім саюзе дызайнераў адзначаюць таксама, што артыкул 41 Кодэкса аб культуры дазваляе атрымліваць даход. Падчас дыскусіі на гэта звярнула ўвагу і прадстаўніца Мінкульту Ірына Дрыга. Не забараняе Кодэкс і правядзенне адукацыйных курсаў.

Адносна сустрэчы напярэдадні старшыні КДК Леаніда Анфімава з мастаком і дызайнерам Уладзімірам Цэслерам, Дзмітрый Сурскі адзначыў, што Цэслер – «зорка, яму лягчэй».

Hавiны
У старшыні КДК няма прэтэнзіяў да ложка мастака Цэслера
2020.01.23 19:05

Нагадаем, што ў выніку маніторынгу дзейнасці майстэрняў творчых саюзаў шэрагу майстроў былі выстаўленыя павышаныя стаўкі арэнды, бо іх звінавацілі ў прадпрымальніцкай дзейнасці. У прыватнасці, прэтэнзіі ўзніклі і да факту наяўнасці ў майстэрні мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера ложка.

23 студзеня старшыня КДК Леанід Анфімаў, які ў 1989-1991 гадах узначальваў творча-вытворчае аб’яднанне «Дызайн», наведаў майстэрню Уладзіміра Цэслера. Чыноўнік адзначыў, што ў правяраючых няма прэтэнзіяў да выкарыстання майстэрні ды паабяцаў вырашыць пытанні аб наданні грамадскім аб’яднанням ільготаў у арэнднай плаце.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў