Саюз афіцэраў: беларускае войска дыскрэдытуюць дэструктыўныя сілы


Праўладная грамадская арганізацыя «Беларускі саюз афіцэраў» выступіла з афіцыйнай заявай у сувязі са справай Аляксандра Коржыча. Афіцэры назвалі крытыкаў Узброеных сіл «антыбеларускімі структурамі», абвінаваціла іх у «разгойдванні» грамадска-палітычнай сітуацыі і «інфармацыйным самавольстве».

«Апошнім часам Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь сталі аб’ектам беспрэцэдэнтнай дыскрэдытацыі з боку асобных дэструктыўных сіл. Бягучы год яны, з падачы заходніх «дэмакратычных» спецыялістаў «інфармацыйных войн», надрыўна верашчалі аб адмене планавых сумесных стратэгічных вучэнняў «Захад-2017», пасля якіх Расея, нібыта, «акупуе нашу краіну» для падрыхтоўкі плацдарма супраць суседзяў у Прыбалтыцы, Украіне і Польшчы. Цяпер фармальнай нагодай для чарговай кампаніі па ачарненні ўзброеных абаронцаў краіны стала гібель жаўнера ў 72 абʼяднаным навучальным цэнтры, па факце якой вядуцца следчыя дзеянні і дасканала вывучаюцца ўсе абставіны здарэння», – гаворыцца ў заяве.

«Беларускі саюз афіцэраў» выказвае сваякам загінулага Аляксандра Коржыча спачуванні і не сумняюцца, што вінаватыя ў здарэнні будуць пакараныя.

«Здарэнне з гібеллю вайскоўца тэрміновай службы, няўцешнае гора блізкіх загінулага, некаторымі крытыканам выкарыстоўваецца ў непрыстойных мэтах разгойдвання грамадска-палітычнай стабільнасці ў краіне, дыскрэдытацыі беларускага войска як вядучага фактару стратэгічнага стрымлівання ў складаных умовах сучаснага сусветнага развіцця», – кажуць у саюзе афіцэраў.

«Беларускі саюз афіцэраў» заклікае ўсіх беларусаў «выступіць супраць інфармацыйнага самавольства і канʼюнктурнай крывадушнасці, так званых «незалежных», а па сутнасці антыбеларускіх грамадска-палітычных структур».

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да 2 афіцэраў. На дадзены момант у ліку падазраваных па справе Коржыча – 7 малодшых камандзіраў (сяржанты), старшыня роты і 2 афіцэры.

Анлайн-петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова яшчэ на мінулым тыдні сабрала больш за 10 тыс. подпісаў, але пасля скаргаў Мінабароны была заблакаваная. Збор подпісаў распачалі таксама апазіцыйныя актывісты на вуліцах Менску.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў