«Савушкін прадукт» патрапіў пад санкцыі «Рассельгаснагляду»


«Рассельгаснагляд» ад сёння ўводзіць абмежаванні на пастаўкі ў Расею малочнай і мясной прадукцыі чарговых беларускіх прадпрыемстваў – супраць іх будзе дзейнічаць рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю, паведамляецца на афіцыйным сайце «Рассельгаснагляду».

У «чорны спіс» патрапіла адно з вядучых вытворцаў – «Савушкін прадукт».

Паводле расейскага боку, такія санкцыі выкліканыя новымі выпадкамі выяўлення антыбіётыкаў і патэнцыйна небяспечных для здароўя мікраарганізмаў у беларускай прадукцыі.

Акрамя «Савушкінага прадукту», санкцыі закранулі Скідзельскую птушкафабрыку, ААТ «Александрыйскае», ААТ «Малочны свет», Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат.

Расейская ветэрынарная служба ўзяла пад асаблівы кантроль пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі і папярэдзіла, што ў выпадку далейшых парушэнняў, будзе вымушаная ўвесці забарону на пастаўкі.

Да таго ж «Рассельгаснагляд» паведаміў пра выпадкі фальсіфікацыі прадукцыі Верхнедзвінскага масласырзаводу і Дзятлаўскага сыраробнага заводу.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі неаднаразова заяўлялі, што прэтэнзіі Расеі да беларускіх вытворцаў надуманыя і не маюць рэальных падставаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў