Савецкія афіцэры лічылі, што іх расстрэльваюць «ультра-праменямі»


Выйшла кніга «Першы ўдар» пра падзеі чэрвеня 1941-га пад Горадняй. Тэма катастрофы летам 1941 году, калі савецкая абарона была фактычна змеценая нямецкім наступам, у СССР доўгі час заставалася табуяванай. Пра катлы, акружэнні, лёс мільёнаў палонных, адказных за страты наўпрост не прынята было казаць. Затое сёння гісторык можа ставіць пад сумнеў дакладнасць успамінаў савецкіх ветэранаў або карыстацца нямецкімі крыніцамі, што дазваляе зірнуць на сітуацыю па-іншаму.

Кніга «Першы ўдар» Змітра Люціка і Змітра Кіенкі распавядае пра разгром 29-й танкавай дывізіі, якая стаяла ў Горадні. Каб знішчыць яе немцам спатрэбіліся лічаныя дні, жаўнеры гінулі, траплялі ў палон, нехта сыходзіў у лясы. Усе факты ў кнізе – плён працы з архіўнымі крыніцамі, успамінамі ўдзельнікаў, пошук і кантакт з іх роднымі.

Пра некаторыя цікавыя моманты з кнігі «Белсат» гутарыць з вайсковым гісторыкам Змітром Люцікам.

За тыдзень дывізія стала масай людзей, якія адступаюць на ўсход

Зміцер, пра вайну, здаецца, ужо столькі напісана. Чаму ты вырашыў узяцца за гэтую працу?

Па-першае, гэта гісторыя адной дывізіі, яе фармавання, камплектоўкі і баёў. Такі кірунак папулярны ў Еўропе: ёсць нават шматтомныя працы, дзе даследуецца дывізіёны шлях. Для нашай гістарыяграфіі гэта новы накірунак, калі раней нешта і пісалася – дык толькі пра нейкія знакамітыя гвардзейскія, а пра звычайныя – не.

Па-другое 29-я дывізія стаяла ў Горадні, таму як гарадзенцу мне гэта цікава. Яшчэ школьнікам я чытаў пра першыя баі за Горадню ў 41-м. Зрэшты, як аказалася, у «кананічных» версіях тых падзеяў шмат недакладнасцяў – наша кніга спрабуе іх выправіць.

У баях 29-я дывізія праіснавала зусім мала часу. Няўжо хапіла матэрыялаў на цэлую кнігу?

Гэта даволі тыповы лёс дывізіяў на пачатку вайны: некаторыя дывізіі існавалі некалькі дзён, іншыя – некалькі тыдняў… 29-я праіснавала тыдзень, 26 чэрвеня яна ўжо адступала з-пад Горадні і пасля гэтага яе ўжо цяжка было назваць дывізіяй. Гэта былі масы людзей, якія ішлі на ўсход, а не вайсковае фармаванне.

А чаму так сталася?

Дывізія была даволі маладой: яе фармаванне пачалося ў сакавіку 1941 году. Па-другое, вайна ж наагул для СССР пачалася катастрафічна. Ідэалогія рыхтавала жаўнераў да наступальнай вайны, да баёў на варожай тэрыторыі. Іх жа вучылі, што Чырвоная армія самая магутная ў свеце… Насамрэч усё апынулася не так.

[/vc_column_text][vc_column_text]

Войскі не былі належна падрыхтаваныя, тэхнікі не хапала, меліся вялікія недапрацоўкі ў падрыхтоўцы афіцэрскага складу ў абаронных баях, невядома было, як абараняцца танкам, пра танкавыя засады наагул ніхто не чуў… З гэтай прычыны нават танкавыя дывізіі прайгравалі нямецкай пяхоце, як у выпадку з той жа 29-й дывізіяй.

Як савецкія танкі прайгралі нямецкай пяхоце

Але ў сваіх успамінах пра баі пад Горадняй у 1941-ым ветэраны пішуць, што супраць іх ішлі танкі…

Насамрэч, пры наступленні на СССР немцы групавалі танкі ў 3-й і 2-й групоўках Готта і Гудэрыяна. Адна ішла праз Берасце на Менск, іншая – праз Ліду. 4-я і 9-я пяхотныя арміі, якія ішлі паміж гэтымі групоўкамі, не мелі танкавых войскаў. Там былі самаходныя гарматы, розныя бронемашыны, але танкаў не было. Савецкія салдаты і афіцэры наўпрост не ведалі пра існаванне самаходнай артылерыі, таму любая машына на гусеніцах з гарматай для іх была «танкам».

Па-другое, у сваіх успамінах ветэраны часта перабольшвалі. Адсюль лічбы ў 50-60-70 нямецкіх танкаў! Гэта ўжо цэлыя танкавыя палкі, атрымліваюцца, якіх тут не было. У баях з дывізіяй Студнева, напрыклад, удзельнічала адна нямецкая артылерыйская батарэя – гэта 6-8 самаходак. Гэта псіхалагічнае апраўданне, бо бой быў прайграны, нягледзячы на перавагу савецкага боку. Танкі прайгралі пяхоце! Ну а праверыць гэтую інфармацыю не было магчымасці за савецкім часам – не шукаць жа нямецкіх сведкаў.

Усё ж такі, чаму бой для абаронцаў атрымаўся катастрафічным?

Вельмі дрэнна спрацавала выведка 29-й дывізіі. Гэта не дазволіла вызначыць, якія нямецкія часткі, якой колькасці, з якім узбраеннем ідуць у наступ. Капітан Сяргееў, які быў памочнікам начальніка аператыўнага аддзелу штабу дывізіі піша ва ўспамінах: «…Мы дагэтуль не ведалі, хто нас разбіў? Хто? Якой сілы? Які род войска? Быў гэта рэальны праціўнік або няведамая сіла ультра-праменяў?».

То бок ва ўяўленні гэтага афіцэра, яго людзей проста расстрэльвалі, танкі гарэлі, агонь вёўся са схаваных пазіцыяў, ніхто не ведаў куды страляць. Яны не арыентаваліся на полі боя, таму складалася ўражанне, што супраць іх ваюе фантастычная сіла з невядомай зброяй.

[/vc_column_text][vc_column_text]

«Пасадзім на бераг Нёману, дамо дубіны і хай адбіваюцца»

Як склаўся далейшы лёс байцоў дывізіі пасля яе разгрому?

На жаль, мы нават не ведаем, колькі чалавек на момант пачатку вайны там служыла. Дзевяць тысяч – гэта прыблізная лічба. Тры тысячы з іх, траціна, на момант пачатку баёў нават не мелі зброі… Зброі не хапала на армейскіх складах, гэтае пытанне падымалася перад камандаваннем 3-й арміі ў Горадні. Камандуючы арміі Кузняцоў адказаў на гэта: «Пасадзім на бераг Нёману, дамо дубіны і хай адбіваюцца». Пра гэта згадвае палкоўнік Каланчук, камандуючы 29-й дывізіяй. Гэтыя тры тысячы пасля спехам адправілі ў тыл, пра іх лёс нічога невядома…

Дык а пра якую колькасць людзей хоць нешта вядома?

Дзякуючы архіўным дакументам мы знайшлі 1000 прозвішчаў байцоў, то бок кожнага дзявятага, таму з дакладнасцю казаць можна толькі пра іх. Значная частка трапіла ў нямецкі палон, вельмі шмат – пад Менскам. То бок яны не здаваліся, праз абстрэлы, у нечалавечых умовах адыходзілі. Той жа капітан Сяргееў згадваў, што яны верылі, нібы пад Менскам іх чакае трывалая лінія абароны ды новая тэхніка. Яны нават не лічылі гэта адступленнем, а называлі «адыходам да старой мяжы» – то бок мяжы ды 1939 году. Значная частка, канешне, пайшла ў партызаны, бо адступаць праз усю Беларусь, а па восені яшчэ праз паў Расеі – маларэальна. Але такіх не так і багата.

Галоўнае пытанне – людзі

[/vc_column_text][vc_column_text]

Якія «белыя плямы» дагэтуль застаюцца ў пытанні пра абарону Горадні ў 1941-м?

Найперш гэта лакальныя баі, тут шмат таямніцаў. Ёсць вялікае даследаванне Змітра Ягорава «Разгром Заходняга фронту», дзе апісваецца фактычна кожны дзень баёў вайсковых злучэнняў. Але гэта агульная праца, па кожнай вайсковай частцы такога пакуль няма. Другое пытанне, а можа і першае – гэта людзі. Папрацаваўшы над кнігай, я зразумеў, колькі родных дагэтуль не ведаюць лёсы сваіх блізкіх, загінулых або зніклых цягам вайны. Таму я б заклікаў і іншых гісторыкаў працаваць над высвятленнем імёнаў людзей, якія тут сустрэлі вайну ў 41-м.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў