Савет Міністраў прызначыў сваіх прадстаўнікоў у пяць новых банкаў. Ці варта хвалявацца?


Савет міністраў і Нацыянальны банк 15 ліпеня прынялі пастанову №419 / 15, якой прызначылі прадстаўнікоў дзяржавы ў шасці найбуйнейшых банках краіны. Дакумент афіцыйна апублікаваны 17 ліпеня.

Саўмін і Нацбанк прынялі пастанову ў адпаведнасці з указам кіраўніка краіны ад 19 лютага 2008 года №100 «Аб некаторых пытаннях уладальніцкага нагляду».

Паводле пастановы, прадстаўнікамі дзяржавы ў «Беларусбанку» будуць намеснік міністра фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч і намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч.

У «Белаграпрамбанку» прадстаўляць дзяржаву будуць міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, міністр фінансаў Юрый Селіверстаў і намесніца міністра эканомікі Анжаліка Нікіціна.

У «Белінвестбанк» прызначылі прадстаўнікамі намесніка міністра фінансаў Андрэя Белкаўца і старшыню Дзяржкаммаёмасці Дзмітрыя Матусевіча.

У «Тэхнабанку» прадстаўніком дзяржавы будзе намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар, а ў «Прыёрбанку» – старшыня Дзяржкаммаёмасці Дзмітрый Матусевіч.

Таксама прадстаўнік дзяржавы прызначаны ў «Белгазпрамбанк». Ім стаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

«Нічога не мяняецца»

Як заявіў у каментары belsat.eu старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб, хвалявацца з нагоды прызначэння прадстаўнікоў дзяржавы ў банкі не трэба.

«У любым банку, дзе ёсць хоць якая доля дзяржавы (нават у «Белгазпрамбанку» ёсць 0,1 % долі дзяржавы), стала знаходзяцца прадстаўнікі дзяржавы ў органах кіравання. Яны там заўсёды знаходзіліся. І я думаю, што проста гэтай пастановай абнаўляецца склад прадстаўнікоў. Агулам нічога не мяняецца», – падкрэсліў эксперт.

Пастанова ўступіла ў дзеянне з 15 ліпеня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў