Саўладальнікам заводу АКБ стаў трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі


У акумулятарнага заводу, супраць якога ўжо больш за два гады пратэстуюць жыхары Берасця, змяніўся ўласнік. Месца падкантрольнай Віктару Лемяшэўскаму кампаніі «Белінвестганд-Сплаў» занялі бізнесоўцы, звязаныя з хакейнай камандай Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта піша TUT.by.

У 2016 годзе акумулятарны завод пачынала будаваць кампанія «АйПауэр», уладальнікам якой была фірма «Белінвестганд-Сплаў». Абедзве структуры ўваходзяць у 1AK-GROUP, саўладальнікам якой з’яўляецца бізнесовец Віктар Лемяшэўскі.

Як паведамляе TUT.BY са спасылкай на групу кампаніяў Лемяшэўскага, сёлета 22 траўня акумулятарны завод быў выведзены з-пад кантролю групы кампаніяў 1AK-GROUP, усе 100% доляў у статутным фондзе ТАА «АйПауэр» былі прададзеныя.

Паводле дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў, статутны фонд новага ўладальніка заводу ТАА «Акумулятарны Альянс» складае 6,7 мільёна рублёў. 85% долі кампаніі належыць Сяргею Кагановічу, а 15% – Дзмітрыю Баскаву.

Кагановіч зʼяўляецца намеснікам дырэктара кампаніі «Семь Холмов Бел». Ён даўно захапляецца хакеем, удзельнічаў у спаборніцтвах з удзелам каманды Лукашэнкі.

Дзмітрый Баскаў – гендырэктар хакейнага клуба «Дынама-Менск» і трэнер каманды Аляксандра Лукашэнкі. Раней ён трэнаваў маладзёвую і юнацкую зборныя Беларусі, а таксама аматарскую каманду, за якую выступае Мікалай Лукашэнка.

  • Людзі ў Берасці і ваколіцах упэўненыя, што выкіды з заводу АКБ пашкодзяць іхнаму здароўю і навакольнаму асяроддзю. З лютага 2018 года яны рэгулярна выходзяць на пратэсты – «кармленне галубоў».
  • 14 чэрвеня 2019 году Берасцейскі аблвыканкам прыпынілі будаўніцтва акумулятарнага заводу «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў». 2 ліпеня 2019 года стала вядома, што Генпракуратура па даручэнні Лукашэнкі пачала праверку па сітуацыі з будаўніцтвам прадпрыемства. У вытворчасць былі прынятыя крымінальныя справы, распачатыя КДБ па арт. 430 (Атрыманне хабару) і 431 (дача хабару) у дачыненні Віктара Лемяшэўскага і шэрагу супрацоўнікаў «Белінвестганд-Сплаў». У канцы 2019 года стала вядома, што Лемяшэўскага і іншых фігурантаў справы выпусцілі з СІЗА да суда пад падпіску аб нявыездзе.
  • 9 красавіка 2020 года «АйПауэр» атрымаў станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па праекце будаўніцтва акумулятарнага заводу, а праз шэсць дзён – дазвол на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра.
Hавiны
Прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Губарэвіч падтрымаў удзельнікаў пратэсту супраць заводу АКБ у Берасці
2020.05.24 14:57

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў