Саудаўская Аравія прызналася ў смерці журналіста ў стамбульскім консульстве


20 кастрычніка 2018 года. Ахоўнік каля кансулату Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле. Фота – Osman Orsal / Reuters / Forum

Паводле Эр-Рыяду, Джамаль Хашогжы загінуў у выніку «бойкі».

Улады Саудаўскай Аравіі заявілі, што журналіст Джамаль Хашогжы загінуў у консульстве ў Стамбуле ў выніку «бойкі».

Раней Саудаўская Аравія катэгарычна зняпраўджвала смерць журналіста, пра якую заяўляла афіцыйная Анкара.

Пра тое, што Джамаль Хашогжы быў забіты супрацоўнікамі саудыйскіх спецслужбаў, якія адмыслова прыехалі ў Стамбул, заяўляў афіцыйны турэцкі бок. Паводле Анкары, аўдыё забойства запісаў электронны гадзіннік журналіста.

The New York Times са спасылкай на крыніцу ў Саудаўскай Аравіі піша, што намеснік кіраўніка саудаўскай выведкі генерал Ахмад аль-Асіры адправіў у Стамбул групу з 15 чалавек, каб яны вярнулі Хашогжы ў Саудаўскую Аравію (гэтак саудаўскія ўлады звычайна паступаюць з дысідэнтамі, кажа крыніца), аднак загад быў няслушна інтэрпрэтаваны выканаўцамі. Убачыўшы аператыўнікаў, Хашогжы нібыта паспрабаваў збегчы, і пачалася бойка; журналіст закрычаў, і адзін з агентаў ужыў да яго задушлівы прыём, у выніку забіўшы.

Reuters называе генерала Асіры правай рукой наследнага прынца Мухамэда бін Сальмана.

Апроч 15 прадстаўнікоў спецслужбаў улады Саудаўскай Аравіі арыштавалі таксама дваіх супрацоўнікаў консульству і кіроўцу.

Акрамя таго, кароль Сальман загадаў стварыць камісію па рэфармаванні і мадэрнізацыі саудаўскай выведкі пад кіраўніцтвам прынца.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў заяву саудаўскіх уладаў «добрым першым крокам» і пацвердзіў, што лічыць выкладзеную версію праўдападобнай.

«Я б аддаў перавагу, каб мы ў якасці мер у адказ не адмянілі праекты на $ 110 мільярдаў, гэта значыць на 600 тысячаў працоўных месцаў», – сказаў прэзідэнт ЗША.

16 кастрычніка Доналд Трамп са спасылкай на саудаўскага караля Сальмана бін Абд аль-Азізам ас-Сауда заяўляў, што Хашогжы быў забіты «залётнымі забойцамі». Трамп казаў, што кароль, маўляў, нічога пра лёс Хашогжы не ведае.

У той жа дзень ЗША атрымала ад Саудаўскай Аравіі $ 100 млн у якасці аплаты за дапамогу ў барацьбе супраць тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», падае New York Times.

  • Хашогжы атрымаў вядомасць як крытык уладаў ЗША і Саудаўскай Аравіі, вёў калонку ў The Washington Post. З верасня 2017 года жыў у Злучаных Штатах.

ДД

Стужка навінаў