Сацыёлагі апавялі, якіх адносінаў хацелі б беларусы з Расеяй насамрэч


Ілюстрацыйнае фота Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Згодна з інфармацыяй Інстытуту сацыялогіі НАН РБ, палова беларусаў выступае не за саюзніцкія, а за партнёрскія адносіны з Расеяй.

Паводле словаў спецыяліста аддзелу аператыўных даследаванняў Інстытуту сацыялогіі Аляксандра Дамброўскага, менавіта гэтае падраздзяленне Нацыянальнай акадэміі навук некалькі разоў на год задае беларусам пытанні аб тым, як, на іх думку, мусяць будавацца адносіны Беларусі і Расеі.

«Паводле дадзеных даследаванняў 2019 года, 49,9% грамадзянаў краіны лічаць, што Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай і будаваць свае адносіны з Расеяй на аснове міжнародных дамоваў (што можна класіфікаваць як «партнёрскія адносіны»). Пры гэтым 36,1% рэспандэнтаў лічаць, што дзве краіны мусяць узаемадзейнічаць адна з адной па прынцыпе раўнапраўнага саюзу са стварэннем наднацыянальных органаў кіравання («саюзніцкія адносіны»), а колькасць прыхільнікаў уваходжання Беларусі ў склад Расейскай Федэрацыі ў 2019 годзе склала толькі 7,7 %. Характэрна, што колькасць грамадзянаў, якія выступаюць за поўную незалежнасць Беларусі, з 2003 года вырасла на 14,9%, а прыхільнікаў раўнапраўнага саюзу з Расеяй знізілася на 13,3%», – піша Аляксандр Дамброўскі.

Такім чынам беларускія навукоўцы адрэагавалі на дыскусію аб паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі ў рамках Саюзнай дзяржавы, падагрэтую даследаваннем Цэнтру прасторавага аналізу міжнародных адносін МДІМА.

Згодна з вынікамі тэлефоннага апытання, якое патрапіла ў рэдакцыю газеты «Коммерсант», 57,6% беларусаў выказаліся за саюзніцкія адносіны паміж Беларуссю і Расеяй, а 31,8% – за партнёрскія (у суме – амаль 90%).

На думку сацыёлагаў НАН, медыі ўспрынялі гэтую інфармацыю скажона.

«Гучныя заявы пра тое, што дзевяць з дзесяці беларусаў хочуць саюзу з Расеяй (і ўжо тым больш домыслы пра ўключэнне Беларусі ў склад Расейскай Федэрацыі) не адпавядаюць не толькі апублікаваным на сайце МДІМА вынікам, але і дадзеным сацыялагічных службаў, якія маюць акрэдытацыю і стала працуюць на тэрыторыі Беларусі», – дадаў Дамброўскі.

ВІДЭА
Падтрыманне саюзу з Расеяй падае, а з Еўразвязам – расце. Інтэрв’ю з сацыёлагам Андрэем Вардамацкім
2019.11.15 13:59
  • Згодна з беларускімі законамі, правядзенне сацыялагічных апытанняў на тэрыторыі Беларусі з мэтай вывучэння грамадска-палітычнай сітуацыі магчыма пры наяўнасці акрэдытацыі Камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры НАН Беларусі.

ДД/МВ belsat.eu

Стужка навінаў