«Сашу забілі? Паверыць не магу…» Што вядома пра забітага ў Горадні бізнесоўца?


Забойства ўплывовага бізнесоўца Аляксандра Прасняка стала шокам для гарадзенцаў і адразу выклікала некалькі версіяў: ад расейскага следу да помсты з эканамічных матываў.

Аляксандр Прасняк быў забіты ў ноч на 15 студзеня каля свайго катэджу ў вёсцы Чэхаўшчына недалёка ад Горадні. Усю ноч ды на наступны дзень на месцы злачынства працавалі следчыя ды супрацоўнікі міліцыі: апытвалі суседзяў, шукалі доказы.

Катэдж Прасняка, ля якога адбылося забойства.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«У нас так не робяць»

Навіна пра забойства стала шокам як для жыхароў гораду, так і для насельнікаў Чэхаўшчыны, дзе жыў забіты бізнесмен:

«У нас так не робяць ужо даўно, вы што? – разгублена паціскае плячыма адзін з жыхароў пасёлка, які папрасіў не называць ягонае імя. – У нас і «браткоў» няма ўжо даўно. Калі камерсант які не падабаецца, то яго «зачыняюць». А каб забіваць… Можа з Расеі хто. Там жа дагэтуль галовы адкручваюць, як у 90-ыя. А можа і адпомсціў яму хто… цяжка сказаць. Заўважны быў чалавек. Хай следчыя разбіраюцца».

Возера ля катэджу Прасняка ў Чэхаўшчыне.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У катэджы разам з Аляксандрам жыла ягоная сужыцелька. Зусім побач, праз плот, жыве саўладальнік фабрыкі Ігар Грышын. На катэджы Грышына ўсталяваныя камеры назірання, якія, паводле следства, зафіксавалі момант забойства.

Забойства адбылося ў вёсцы Чэхаўшчына недалёка ад Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Касічка», крыкі ля возера і шмат нерухомасці

Па мерках Горадні Аляксандр Прасняк – мясцовы алігарх. Адзін з заснавальнікаў пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт», уладальнік нерухомасці. Агромністы гмах фабрыкі на вул. Маставой у самым цэнтры Горадні апошнім часам здаваў памяшканні і кавярням, і рэстаранам, і аддзяленням банкаў, і спартовым клубам.

Фірмовая крама пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт». Фот: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Швейная вытворчасць адтуль была перанесеная ў іншы гмах – будынак фабрыкі «Элод», якая займаецца жаночым адзеннем. Сама вытворчасць ды фірмовая крама займаюць другі паверх велізарнага будынку, рэшта памяшканняў здаецца.

Агромністы будынак, у якім месцілася фабрыка «Акцэнт».
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Вядома таксама, што Аляксандр Прасняк цікавіўся ўсходнімі практыкамі ды часам паводзіў сябе даволі экзальтавана. Насіў касічку (за што атрымаў нават мянушку «Касічка»), выходзіў да возера ля дому ў адных майтках, рабіў зарадку і практыкаванні голасам: па словах суседзяў, «крычаў ля возера».

Будынак фабрыкі «Элод», якая належала Прасняку.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Будынак фабрыкі «Элод», якая належала Прасняку.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«А я нават і не ведала, што ён буйны бізнесмен…»

Цікава, што прапісаны Прасняк быў у невялічкім драўляным дамку яшчэ перадваеннай пабудовы на вуліцы Міцкевіча. Яго добра памятаюць суседзі, але пра забойства яшчэ нічога не чулі.

«Сашу забілі? Паверыць не магу… – кажа жанчына, якая жыве ў суседнім доме больш за 40 гадоў. – Ён часта прыязджаў сюды. Нават нядаўна яго бачыла. Па гэтым адрасе жыве яго маці: яна хворая, не выходзіць ужо з дому. Прывозіў ёй ежу, лекі. А бацька ягоны даўно ўжо памёр. А я нават і не ведала, што ён буйны бізнесмен…»

Па факту забойства заведзена крымінальная справа. Следчы камітэт зараз будзе адпрацоўваць кантакты Аляксандра Прасняка – як асабістыя, гэтак і прафесійныя.

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў