Саргсьян заклікае дэманстрантаў да дыялогу. Апазіцыя кажа, што ўжо позна


Пратэст супраць абрання Сержа Саргсяна прэм'ер-міністрам краіны. 19 красавіка 2018 года. Ерэван, Арменія. Фота – Artyom Geodakyan/TASS

Прапанова лідарам апазіцыі прагучала ад новага прэм’ера толькі на дзявяты дзень пратэстаў.

Сэрж Саргсьян, які быў прызначаны на пасаду прэм’ер-міністр пасля 10 гадоў прэзідэнтуры, заклікае да дыялогу з апазіцыйнымі дэманстрантамі.

«Я глыбока занепакоены палітычнымі падзеямі ў краіне і заклікаю дэпутата Нікола Пашыньяна распачаць палітычны дыялог, з тым каб пазбегнуць незваротных стратаў», – заявіў Саргсьян. – Гэта павінна быць зроблена неадкладна».

Нікол Пашыньян, апазіцыйны дэпутат і лідар пратэстаў, адказаў, што гэта «занадта позна, каб гаварыць з урадам.»

«Я заклікаю Сэржа Саргсьяна прыняць нашае патрабаванне», – цытуе апазіцыянера Reuters.

Удзельнікі вулічных акцыяў лічаць, што Саргсьян чапляецца за ўладу, і патрабуюць ягонае адстаўкі.

Нікол Пашыньян (з мегафонам) падчас пратэсту супраць абрання Нацыянальным сходам Сэржа Саргсяна прэм’ер-міністрам краіны. 19 красавіка 2018 года. Ерэван, Арменія. Фота – Artyom Geodakyan/TASS

Спецслужбы заяўляюць, што ў Арменіі рыхтаваліся выбухі

На фоне пратэстаў Служба нацыянальнай бяспекі Арменіі паведаміла ў суботу пра затрыманне шасці чалавек, датычных да падрыхтоўкі выбухаў у грамадскіх месцах.

Выбухі павінныя былі «прывесці да ўсеагульнай атмасферы страху», «ціску на дзяржаўныя органы і выкананню імі канкрэтных патрабаванняў», падае «Інтэрфакс».

Падазраваныя, па паведамленні спецслужбы, звязаныя з групоўкай «Сасна црэр», чальцы якой у 2016 годзе захапілі аддзяленне паліцыі ў Ерэване.

Агулам у суботу было затрымана 93 дэманстранты.

Сэрж Саргсьян быў прэзідэнтам Арменіі з 2008 года. Сёлета скончыўся ягоны другі, апошні, тэрмін. У аўторак парламент абраў Саргсьяна прэм’ерам.

Згодна са зменамі ў Канстытуцыі, якія былі прынятыя пасля рэферэндуму ў 2015 годзе, цяпер прэм’ер-міністр мае вялікую ўладу ў Арменіі, пасада прэзідэнта стала ў значнай ступені цырыманіяльнай.

Пратэсты ў Арменіі цягнуцца з канца мінулага тыдня.

ДД

Глядзі таксама
Каментары