Саракагадовыя беспартыйныя Аляксандр і Таццяна. Партрэт кандыдата ў дэпутаты Менгарсавету


На мясцовых выбарах 2018 года ў Менску ЦВК зарэгістраваў 251 кандыдата ў дэпутаты. Belsat.eu прааналізаваў профілі патэнцыйных дэпутатаў Менгарсавету: часцей за ўсё, гэта мужчына, каля 40 гадоў з іменем Аляксандр або Сяргей і працуе ён на пасадзе ў кіраўніцтве якога-небудзь прадпрыемства або бізнесу.

Сярод усіх кандыдатаў у дэпутаты ў горадзе Менску абсалютная большасць – гэта мужчыны: 179 асобаў супраць 72 жанчын. Аднак ёсць выключэнні ў некаторых раёнах сталіцы. Напрыклад, Фрунзенскі: тут 20 жанчын кандыдатаў і 30 мужчынаў. У Заходняй выбарчай акрузе ўсе тры кандыдаты ў спісе – жанчыны.

Імя і прозвішча

Калі наш кандыдат мужчына, то ён, хутчэй за ўсё, Аляксандр, Сяргей або Андрэй, а прозвішча ягонае часцей за ўсё пачынаецца на літару К або Л. Напрыклад, Аляксандр Кавалькоў, кандыдат з Заводскага раёну, або Сяргей Катоўскі з Кастрычніцкага. Прынамсі, кожны з раёнаў Менску мае як мінімум двух Аляксандраў (акрамя Партызанскага) і Сяргеяў (акрамя Савецкага). Далей найбольш папулярныя імёны для кандыдатаў у дэпутаты – Аляксей, Яўген, Дзмітрый і Мікалай.

Калі нашая кандыдатка жанчына, то часцей за ўсё яе будуць зваць Таццяна з прозвішчам таксама на літару К. Як Таццяна Караткевіч з Цэнтральнага раёну. За Таццянамі адразу падаліся ў кандыдаты Наталлі і Ірыны.

Таццяна Караткевіч на пікеце. Аўтар – Ларыса Шчыракова

Узрост і адукацыя

Каля 200 з 251 кандыдата маюць вышэйшую адукацыю. Сярод жанчын не маюць дыплома ВНУ толькі пяцёра.

Гады нараджэння кандыдытаў-мужчын вагаюцца ад 1949 году да 1999 года. Найбольшай колькасці патэнцыйных дэпутатаў у Менску цяпер ад 32 да 44 гадоў. Сярэдняе арыфметычнае на ўсіх – 41 год. Таксама шмат маладых, 20-гадовых.

Жанчыны-кандыдаты старэйшыя за сваіх паплечнікаў мужчын. Тут менш малодшых прадстаўніц, але больш сталых. Сярэдні ўзрост каля 44 гадоў, а найбольшая колькасць кандыдатак цяпер ва ўзросце ад 38 да 53 гадоў.

Самы сталы кандыдат у Менску – Васіль Аўласцоў з Першамайскага раёну. Ён таксама адметны тым, што ён не Аляксандр і прозвішча не на літару К ці Л, не мае вышэйшай адукацыі і не займае ніякай пасады. Васіль Аўласцоў – машыніст крана мостаатрада №88 ААТ «Будаўніча-мантажны трэст №8».

Самаму маладому кандыдату ў красавіку споўніцца 19 гадоў. Гэта Раман Ляўгераў з Савецкага раёну. Ён таксама мае пакуль толькі базавую адукацыю і з’яўляецца студэнтам трэцяга курсу Менскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэю № 5 транспартнага будаўніцтва. Ён сябра Камуністычнай партыі Беларусі.

Партыйная прыналежнасць

Амаль палова нашых кандыдатаў – беспартыйныя. Пры гэтым беспартыйных жанчын у адсоткавым эквіваленце больш, чым мужчынаў. За беспартыйнамі ідуць Ліберальна-дэмакратычнай партыі (49). А за імі шчыльненька – камуністы і камуністкі (42). Сярод апазіцыных больш за ўсё кандыдатаў у Менску мае Аб’яднаная грамадзянская партыя – 9 чалавек.

Старшыня АГП Анатоль Лебедзька падчас пікету на Камароўцы.

Калі Фрунзенскі раён Менску вылучыўся ад астатніх вялікай адсоткавай колькасцю жанчынаў у кандыдатах, то Першамайскі раён, мяркуючы па ягоных спісах, падаецца агулам беспартыйным і антыкамуністычным. Ні аднаго камуніста ў спісах, усе жанчыны – беспартыйныя, як і большасць мужчын.

Даход і маёмасць

На ўсіх кандыдатаў у Менску ёсць не менш за 130 легкавых аўтамабіляў, пры гэтым мужчыны валодаюць імі часцей за жанчын. Ва ўласнасці таксама не менш за 130 кватэраў, 30 дамоў, 47 зямельных участкаў і 10 гаражоў. 50 кандыдатаў заявілі, што зусім не маюць ніякай маёмасці.

Узроўні даходаў 251 кандыдату з Менску вельмі адрозніваюцца і лічыць сярэднюю лічбу не мае сэнсу. Можна заўважыць, што большасць кандыдатаў і кандыдатак за 2016-ы год заявілі лічбу паміж 9 і 30 тысячамі беларускіх рублёў.

Шэсць кандыдатаў (усе мужчыны) не мелі ў 2016 годзе даходу. Напрыклад, Віталь Коваль, знакаміты беларускі хакеіст, майстар спорту і цяпер кандыдат ад Цэнтральнага раёну. Затое 10 патэнцыйных дэпутатаў у Менску зарабілі больш за 100 тысячаў беларускіх рублёў за год. Самым багатым апынуўся кандыдат Ігар Русакевіч з Заводскага раёну. Ягоны даход за 2016 год склаў каля 640 тысячаў беларускіх рублёў. Ён уласнік акцыяў некалькіх кампаніяў і член назіральнага савету закрытага акцыянернага таварыства «Завод Прамбудіндустрыя». Ігар Русакевіч з’яўляецца сябрам Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі.

Прафесія

Кандыдаткі ў Менску часцей за ўсё працуюць у адукацыі (25 асобаў з 72) або ахове здароўя (13), або яшчэ валодаюць бізнесам ці з’яўляюцца ІП (12). Тут дырэктаркі фірмаў, дырэктаркі школаў і гімназіяў, галоўныя ўрачы і загадчыкі бібліятэкаў. Таксама сярод кандыдатак у Менску – 2 дырэктаркі кінатэатраў «Салют» і «Камсамолец», две пенсіянеркі, адна беспрацоўная, галоўны эканаміст «Белаграпрамбанку», загадчыца крамы і дэкан факультэта беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва.

Пр. Незалежнасці 8. Тут адбываюцца паседжанні Менгарсавету. Фота – wikipedia.org

Прафесіі кандыдатаў вельмі разнастайныя, і калі ў жанчын з-за меншай колькасці можна вылучыць нейкую большасць, то з мужчынамі нашмат цяжэй. Тут і бізнесоўцы, і грузчыкі. Дырэктары і іх намеснікі. Дзяржаўныя службоўцы і індывідуальныя прадпрымальнікі. Адзінае, чым можна абагульніць большасць кандыдатаў-мужчынаў – гэта тое, што ў 110 кандыдатаў з 172 у назве прафесіі прысутнічаюць словы «дырэктар», «намеснік дырэктара», «начальнік», «кіраўнік» і «старшыня».

З самых адметных дырэктараў тут, напрыклад, Данчэнка Іван Іванавіч, кандыдат ад Ленінскага раёну, генеральны дырэктар ААТ «Камунарка». Або Мелікян Дзмітрый Шаліковіч, кандыдат у Кастрычніцкім раёне і генеральны дырэктар РУП «Нацыянальны аэрапорт Менск».

Сярод недырэктараў цікавасць выклікае асоба яшчэ аднаго спартоўца Аляксея Грышына, заслужанага майстра спорту, – у спісах кандыдатаў Цэнтральнага раёну.

У Першамайскім раёне балатуецца таксама Яўген Лашкоўскі, вядоўца праграм на тэлеканале АНТ.

Нагадаем, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў адбудуцца 18 лютага.

 

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў