«Сапраўднае пекла». Аповед мянчанкі пра пяць дзён на Акрэсціна


«Белсат» пагаварыў з дзяўчынай, затрыманай 9 жніўня, пра Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. На ўмовах ананімнасці яна распавяла пра ўсе катаванні, якія адбываюцца ў засценках менскага ЦІПу.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Затрыманне

Марына [імя змененае на просьбу гераіні. – belsat.eu] была назіральніцай на участку № 27 на Каменнай горцы. У асноўны дзень галасавання 9 жніўня ёй разам з іншымі назіральнікамі а 18-ай гадзіне прыйшло паведамленне ад каардынатараў, што магчыма за імі прыедзе зараз АМАП. Маўляў, ім трэба будзе «зачысціць» сведак.

Сапраўды, праз 15-20 хвілін пасля паведамлення на ўчастак прыехаў белы бусік на чырвоных нумарах. З яго ніхто не выйшаў. Не было магчымасці звязацца за суседнімі ўчасткамі – інтэрнэт адключылі. Калі назіральнікі выйшлі са школы – пабачылі грузавы бус і 4-5 байцоў у чорнай вопратцы і берцах.

«Так мы зразумелі, што тут пратакол мы чакаць не будзем», – кажа Марына.

Hавiны
«Засунулі гранату ў майткі». Дзве гісторыі затрымання ў Менску
2020.08.13 20:05

Далей яна вырашыла прайсці на свой участак для галасавання. Пабачыць пратакол галасавання прыйшло каля 60-70 чалавек. Удалося ім гэта зрабіць толькі праз 1,5 гадзіны.

«Наша старшыня камісіі спужалася колькасці людзей. Збягалі яны праз чорны выхад. Але мы там іх усё роўна сустрэлі і падзякавалі за «плённую працу» апладысментамі».

Пасля гэты натоўп рушыў у бок Фрунзенскай тэрытарыяльнай камісіі, па дарозе да іх далучаліся некаторыя людзі. Каля камісіі было ціха і недзе стаяць, шмат міліцыі, прыгадвае Марына. Далей усе рушылі ў бок Стэлы. Каля «Кароны» на метро Маладзёжная натоўп разышоўся.

«Нягледзячы на ўсе катаванні і гвалт пад час маіх сутак, я не пашкадавала ні хвіліны, што была часткай гэтага дзеяння. Такіх прыгожых, смелых беларусаў я не бачыла ніколі. Я некалькі разоў плакала там ад сілы эмоцый. Мы сапраўды былі там народам«, – згадвае дзяўчына зараз.

Аўтазак

Затрымалі яе ўжо пазней, калі яна хацела ісці дадому. Але каля парка Міцкевіча трапіла пад гранаты і газ. Хаваліся ў дворыку на Камсамольскай вуліцы. Іх знайшлі байцы з унутраных войскаў. Не чапалі, проста крыкнулі, каб выходзілі. Спачатку не білі і не прыніжалі. Але канешне не прадставіліся і не сказалі, за што затрымліваюць.

Марына паспела адправіць паведамленні 2 сябрам і бацьку, што дзяўчыну затрымалі. Куды павязуць, яна не ведала.

«У апорцы прымусілі вырубіць тэлефон. Там нам звязалі рукі, запісалі дадзеныя. Праз 15 хвілін перадалі АМАПаўцам у аўтазак».

Hавiны
Як зафіксаваць збіццё і куды накіраваць скаргі на злачынствы сілавікоў
2020.08.14 15:50

АМАПавец, які мяне вёў, надзеў сумку на шыю са словамі «Што я буду тваё лайно цягаць?». Па дарозе ад аўтазаку моцна лаяўся і кінуў наступную фразу:

«Не сядзелася ж сёння вам мразотам у хаце. Вас усіх трэба пасадзіць на кол і адправіць у космас, каб вы пра сваю пе**расцію там распавядалі».

У аўтазаку ўсіх пасадзілі на калені тварам у сядзенне. Тыкнулі дубінкай у твар, калі Марына павярнула галаву ў бок АМАПаўца. На падлозе сядзелі хлопцы, потныя, бітыя. На іх увесь час аралі матам. Адзін хлопец паскардзіўся, што вельмі туга зацягнуты хамут – нуль рэакцыі. У мяне таксама было туга, але я маўчала. Другую дзяўчынку пасадзілі на лаўку, хамут знялі. Так прайшла доўгая гадзіна. У аўтазак яшчэ дагружалі хлопцаў.

«У нейкі момант у мяне зацяклі ногі. Я папрасіла сесці. Дазволілі. Разам з дзяўчынкай ехаў у аўтазаку яе муж. АМАПавец спытаўся, яна прыйшла на плошчу за ідэалогію ці так, з натоўпам. Яна адказала, што з мужам. Ён спытаў, дзе яе муж. Яна паказала. Мужа ўдарылі два ці тры разы па твару», – згадвае Марына.

Пасля іх перасадзілі разам з дзяўчынкай у аўтазак са «стаканамі». Прыехалі адразу на Акрэсціна. Далей пачаліся 2,5 дні сапраўднага пекла.

Вітаем у краіне талерантнасці

Марына апынулася на Акрэсціна каля 3 гадзінаў ночы. Там ужо было шмат людзей.

«Мяне амаль не даглядалі. Проста спыталі, ці маю нешта ў кішэнях і адпусцілі. Астатнія, каго затрымлівалі раней, здымалі ўсе адзенне і прысядалі. У мяне забралі рэчы. У заплечніку былі дакументы, тэлефон, усе карткі, правы ад машыны. Вопісу ніякага не зрабілі. Увесь час на нас крычалі матам, увесь час нам казалі, што мы мразоты і што мы прадажныя. Наступным разам будзем ведаць, за каго галасаваць».

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Марыну адвялі ў камеру. Калі за ёй зачынялі дзверы, то сказалі: «Вітаем у краіне талерантнасці, жывёліны». Агулам у камеры было 12 чалавек, разлічанай на 6 асобаў. Усе дзяўчаты былі назіральніцамі, аніхто не браў удзел у мітынгах.

«Усе інтэлігентныя і разумныя. Мікрабіёлагі, настаўніцы, музыкі. Адна сталая жанчына палезла ў аўтазак за сына і мужа. Адну ўзялі на ўчастку пад час галасавання, яна нават не была назіральнікам. Астатніх – на ўчастках. На іх проста выклікалі АМАП іх старшыні», – згадвае Марына.

У камеры не было туалетнай паперы. Была вада з крана і ўсё. У суседняй камеры была дзяўчынка з Расеі. Яна патрабавала амбасадара, казала, што яе затрыманне не законнае. Ёй адказвалі: «Нах*** тваю Расею і твайго амбасадара». Яе нават білі па твары, калі яна ў чарговы раз папрасіла пасла.

«Усю ноч мы чулі, як прыязджалі аўтазакі. Адзін за адным, як крычалі на хлопцаў. Чулі, як іх білі дубінкамі».

Таксама ўначы пастаянна прыходзілі, пыталі дадзеныя, дзе і ў колькі нас затрымлівалі.

«Я спадзявалася, што гэта для спісаў, каб іх вывесіць. Па выніку мае бацькі дазналіся, дзе я, толькі на 3 ці 4 дзень. Аніякіх спісаў не вывешвалі».

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Катаванні

На наступны дзень затрыманых жанчын ізноў дапытвалі. Кожны раз, калі прыходзіў нехта, на нас крычалі і казалі, каб мы глядзелі ў пол. Нагадваючы, што лепей бы яны сядзелі ўдома і пяклі пірагі. На наступны дзень мы ўжо чулі валанцёраў, разумелі, што людзі здагадваюцца, дзе мы. Не кармілі. Паперу не прынеслі, у некаторых дзяўчынак пачаліся месячныя.

«Хтосьці з хлопцаў паклікаў доктара, я чула нешта пра «пачаўся крывацёк». Яму адказалі «Ды гэта тваё ачко дзіравае краваточыць, рыхтуйся, я туды табе дубінку засуну або член. Краваточыць у яго». Хуткая прыехала вельмі позна. Не ведаю, ці яму дапамаглі», – распавядае дзяўчына.

Агнястрэльная зброя ў Берасці.
Фота: tut.by

На затрыманых складалі пратаколы і змушалі падпісваць. Крычалі, казалі «падпішаце, заплоціце штраф і пойдзеце дамоў, а хто не падпіша – будзе сядзець». Што напісана ў пратаколе, давалі чытаць не усім. Закрывалі рукой, крычалі, нічога не тлумачылі. Шмат дзяўчат падпісала. А пратакол быў аднолькавы ва ўсіх «З 22:10 да 22:30 была затрымана на Стэле, крычала «свабода Статкевічу», «жыве Беларусь» і «Стоп таракан», супраціўлялася пры затрыманні». Пры гэтым некаторыя дзяўчыны былі на ЦІПе ўжо з 18 гадзін. Марына пратакол не падпісала.

Потым Марыну перавялі ў іншую камеру. Калі адчынілі дзверы, Марына падумала: напэўна, тут будзе канец. Камера была на 4 чалавекі. Там ужо сядзела 23 дзяўчынкі – перавялі яшчэ 13. Паветра не было. Паперы не з’явілася, ежы таксама. У камеры былі дзве алкагалічкі, ад якіх страшна смярдзела.

«Не было чым дыхаць. Не было дзе спаць. На падлозе была вада. Я спытала, што гэта. Мне сказалі, што яны прасілі адчыніць дзверы, у нейкі момант дзверы адчыніліся і канвойны выліў на падлогу вядро вады і зачыніў дзверы. У вільготным памяшканні паветра не было яшчэ больш», – апісвае Марына.

Пратэсты ля станцыі метро Каменная горка. 11 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

У двух дзяўчат пачаліся панічныя атакі, яны ванітавалі. Медычнай дапамогі не было. Адчыніліся дзверы і на нас вылілі вядро халоднай вады. На ўсіх. Дзверы зачынілі.

«Потым стала і гэтым катам зразумела, што дзяўчына можа памерці, яны яе вывелі на пару хвілін падыхаць. І запусцілі зноў. Яна маліла іх, прасіла, але «не змушайце нас ужываць сілу». Яе зноў заперлі з намі».

Прысуды як выпадковасць

Людзей не выводзілі на прагулкі, не давалі дыхаць свежым паветрам. Адзіным выратаваннем было адчыненае вакно і кармушка, у якую даюць ежу.

«У адзін момант кармушку закрылі. Мы пачалі крычаць. Але праз хвіліну зразумелі. Мы пачулі, як з камеры насупраць вывелі хлопца, і пачалі дубасіць дубінай. Было страшна слухаць. Пасля 3-4 удараў фраза «А зараз бяры і выцірай сваё лайно. Як табе вось такая ануча». Я не ведаю, што там дакладна адбылося. Але чуць гэта было немагчыма», – прыгадвае Марына.

У аўторак пачаліся суды. Некаторых умудраліся судзіць некалькі разоў суддзі розных раёнаў. У некаторых атрымалася па 2 прысуды з рознымі дадзенымі. Марына атрымала 10 содняў, вырашэнне моцна залежыла ад суддзяў. Дзяўчына паспела пагутарыць з хлопцам у калідоры і ён перадаў звесткі аб ёй да бацькоў. Тры дні яны не ведалі нічога аб дачцэ.

«Мне здаецца, нашыя прысуды – гэта адна вялікая выпадковасць. Нібыта яны кідалі косці і так вырашалі».

Ст. м. Спартыўная, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

У сераду ў камеру прывялі яшчэ чатыры чалавекі. Сярод іх была жанчына гадоў 50. Яна проста ў свой адзіны выходны выйшла ў краму, каб купіць ежы бацьку з інваліднасцю, ішла міма школы. Яна атрымала 12 дзён. Потым Марына даведалася, што ў іншай камеры было 55 чалавек.

«Было душна. Не кармілі. Туалетную паперу прынеслі. У алкагалічак – панос. У адной з іх пачалася «вавёрка» і яна ўсю ноч хадзіла па галавах людзей, хацела мыцца. Мы амаль не спалі».

Усю ноч вазілі аўтазакі. Было чуваць, як хлопцаў б’юць ва двары.

«Лупцавалі і адразу адпускалі. Не было месца ў камерах зусім. Іх адпускалі з крыкам «Я даю табе 5 хвілін, у**ай адсюль, рэчы будзеш пытаць у судзе». Мы бачылі праз вакно, як яны бягуць і кульгаюць. Некаторых забірала таксі».

Марына вельмі дзякуе валанцёрам, якія стаялі пад ЦІПам: толькі дзякуючы ім затрыманыя ведалі час, ведалі, што спісаў няма, а таксама хто каго любіць.

«Гэта было неверагоднае падтрыманне», — кажа яна.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Прадажныя пратэстоўцы

У чацвер яны ўпершыню за ўвесь час паелі. Потым затрыманых вывелі на вуліцу. Дзяўчынаў – проста тварам да сцяны ў двары, хлопцаў – на каленях тварам у зямлю. Некаторыя былі толькі ў майтках. Было бачна, якія ў іх гематомы на нагах. Некаторыя дзяўчынкі плакалі. Некаторым стала блага, адна згубіла прытомнасць.

«Нас пачалі заводзіць у аўтазак. Пры гэтым мы чулі, як галоўны там расказваў, што ва ўсіх нас па 50 еўра ў кішэні, што мы прадажныя. І што мы, бабы, лепей бы сядзелі ўдома і варылі баршчы. Гэта чуць было немагчыма, мы пачалі сварыцца, ён трошкі знізіў тэмбр, зразумей, што 99 % дзяўчат тут стаяць выпадкова».

Хлапцоў заганялі ў аўтазак куды больш брутальна – іх прымушалі бегчы, у некаторых былі нават паламаныя ногі. Марына кажа, што ёй пашанцавала з АМАПаўцам у аўтазаку: ён дазволіў усім сесці, яны накармілі нас хлебам і далі вады.

Hавiны
«Біў кожны па чарзе»: мянчук хацеў памагчы параненаму хлопцу, і яго самога збілі
2020.08.11 14:16

Нельга забыць

Марыну разам з астатнімі перавезлі ў Жодзіна. Яна кажа, што там былі самыя добрыя, сумленныя і клапатлівыя людзі за ўвесь час «прыгод». Яны кармілі, прыносілі паперу і нават купілі пракладкі. Вывесілі спісы ўсіх, каго ім прывезлі.

«Вельмі чалавечныя і добрыя людзі. Калі мы дазналіся, што за намі не прыехалі рэчы з Акрэсціна, не ленаваліся пахадзіць па ўсіх складах і пашукаць рэчы з намі. Мой нізкі паклон адэкватным людзям, якія былі сапраўдным выратаваннем у гэтыя дні».

Вызвалілі дзяўчыну вечарам 14 жніўня. Прымусілі падпісаць паперу, што выпускаюць пад умовай не ўдзельнічаць у мітынгах. Марына падпісваць не хацела, думала пасядзець. Але прымусілі.

Hавiны
Міліцыянт, які браў удзел у разгоне Плошчы: «Перакананы, што Лукашэнка пераможа»
2020.07.30 12:40

«Калі выйшла, хацелася плакаць. Не ад таго, што перажыла. А ад цудоўных валанцёраў. Я ганаруся быць з імі часткай аднаго народа. Але я б на іх месцы зрабіла тое самае. Сустракалі мяне сябры».

Марына кажа, што яна не пакіне ўсё без пакарання. Зараз на дзяўчыне «вісяць» 5 дзён адміністрацыйнага арышту, яна хутчэй за ўсё не здолее выехаць за мяжу.

«Я не ведаю ані воднага прозвішча, але я памятаю ўсе твары. Усе да аднаго. Асабіста катаў з Акрэсціна. Мы будзем пісаць калектыўную скаргу ў пракуратуру, ліст у ААН, праваабарончыя арганізацыі. Таму што тое, што адбывалася – гэта катаванне і прававы дэфолт. Ладна я, я была на мітынгу фактычна. Хоць і не рабіла таго, у чым мяне абвінавацілі. Але людзей хапалі па дарозе ў краму, на ўчастках, проста на вуліцы каля цырку. Мы не пушачнае мяса».

Акцыі салідарнасці ў Менску, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

***

З 9 па 12 жніўня ў краіне паводле зветак МУС было затрымана каля 6700 чалавек. Большасць з іх былі жорстка збітыя пры затрыманні.

13 і 14 жніўня затрыманых пачалі масава выпускаць. Шмат у каго сляды катаванняў: людзей моцна збівалі, ёсць звесткі нават пра сэксуальны гвалт.

Паводле арт. 25 Канстытуцыі РБ аніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасцi абыходжанню цi пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца медычным або іншым даследаванням.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў