Сапраўднае імя «турыста» Аляксандра Пятрова – Аляксандр Мішкін


The Bellingcat абяцае раскрыць падрабязную біяграфію Аляксандра Мішкіна ўдзень 9 кастрычніка

Следчая група Bellingcat i іх расейскія партнёры з The Insider назвалі сапраўднае імя другога з падазраваных Вялікай Брытаніяй у атручванні Сяргея і Юліі Скрыпалёў. Паводле выданняў, «Аляксандр Пятроў» – супрацоўнік ГРУ (цяпер – Галоўнае ўпраўленне Генштаба Узброеных сілаў Расеі), вайсковы медык Аляксандр Яўгенавіч Мішкін.

Мішкін нарадзіўся ў 1979 годзе ў вёсцы Лойга ў Архангельскай вобласці. Ён вучыўся на лекара ў адной з элітных расейскіх вайсковых акадэміяў. ГРУ запрапанавала яму супрацу яшчэ ў студэнцкія гады. Дакументы на новае імя Мішкін атрымаў пасля пераезда ў Маскву ў 2010-м.

Следчыя адзначаюць, што ў адрозненне ад Руслана Башырава, мноства дэталяў легенды Пятрова супадае з рэальнай біяграфіяй Мішкіна – напрыклад, імя, імя па бацьку, імёны бацькоў і дата нараджэння.

Следчыя журналісты апыталі мноства знаёмых Мішкіна ў Санкт-Пецярбурзе ў ягонай роднай Лойзе.

Пад сваім іменем Мішкін здзейсніў мноства паездак за мяжу, у тым ліку ўва Украіну і Прыднястроўе.

«Апошняя адбылася ў снежні 2013-га падчас кіеўскага Майдану», – адзначае выданне.

Удзень 9 кастрычніка выданні апублікуюць падрабязную біяграфію Аляксандр Мішкіна і распавядуць, як праводзілі расследаванне.

Імя іншага падазраванага ў атручванні Скрыпалёў апублікавалі 26 верасня. Паводле журналістаў, «Русланам Башыравым» з’яўляецца палкоўнік ГРУ Анатоль Чапіга.

ДД

Стужка навінаў