Sapienti sat: Мядзведзеў замяніў Пуціна ў размове з Лукашэнкам

Намеснік старшыні Савета Бяспекі Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Анатольевіч Пуцін даў інтэрв’ю газеце «Комсомольская правда».

Не, я не памыліўся і не з’ехаў з глузду. Пра тое, што датычылася яго самога, экс-прэм’ер і экс-прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў гаварыў ад свайго імя і сваімі словамі. А вось пра тое, што тычылася двухбаковых беларуска-расейскіх адносін, Дзмітрый Анатольевіч казаў, што называецца, «ад імя і па даручэнні». Цытуем:

«Давайце дачакаемся вынікаў. Рашэнне за народам Рэспублікі Беларусь. Гэта так жа, як з Трампам. Народ дасць адказ на пытанне аб тым, хто будзе кіраваць дзяржавай. Беларусь – гэта асаблівая для нас краіна, наш саюзнік. Але вяртаючыся да той жа Амерыкі, каго б ні абралі, Расея як адказны міжнародны партнёр, як пастаянны член Савета Бяспекі, як ядзерная дзяржава, буйная эканоміка, будзе працаваць з любой адміністрацыяй. Мы заўсёды з гэтага зыходзілі».

Аляксандр Лукашэнка на шэсці 3 ліпеня.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Ну? Зразумела? Калі маеш – зразумела. Так, Беларусь – не Амерыка. Але, як і ў выпадку з Трампам, працаваць Крэмль будзе з тым, каго абярэ народ. Не з Марса абранніка на галаву беларусам спускаць. Не з Мыцішчаў прысылаць. Вылучыце Лукашэнку – адплюемся і працягнем дыялог. Вылучыце гэтага, як яго, які ў турме … Ну, так, я таксама аб ім… Вось, і з ім агульную мову знойдзем.

Няма падстаў не верыць у тое, што будзе менавіта так. За плячыма ў каманды Уладзіміра Пуціна – Кіеў 2004 года, калі пасланец Крамля, Барыс Грызлоў, прыняў удзел ва ўрэгуляванні ўнутрыўкраінскага канфлікту – на тых жа ўмовах, што і пасланец Брусэлю Аляксандр Кваснеўскі. У выніку прэзідэнтам Украіны стаў «аранжавы» Віктар Юшчанка, пры якім усе газавыя і іншыя інтарэсы Расеі ва Украіне строга выконваліся. І, кажуць, нават схема адмывання газавых грошай праз структуры цяперашняга «венскага палоннага» Дзмітрыя Фірташа была ўзгоднена на самых украінска-расейскіх вярхах.

Кастрычніцкая плошча ў Менску, 3 ліпеня.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

А вось усе міжнародныя непрыемнасці Расеі пачаліся як раз пасля перамогі ва Украіне Віктара Януковіча, які лічыўся цалкам «прарасейскім». Падтрымка Януковіча абярнулася не толькі акупацыяй Крыма (вось тут я з многімі згодны – гэтага Крэмль, хутчэй за ўсё, шчыра хацеў), але і крывавым канфліктам-пасткай у Данбасе, адкуль расейскі мядзведзь ніяк ні ўцячы не можа, ні схоплены кавалак знесці.

З тых часоў, з 2015 года, з майго пункту гледжання, расейскае кіраўніцтва павінна было б нарэшце засвоіць: з такім партнёрам малодшыя па ваенна-эканамічным патэнцыяле самі павінны знаходзіць агульную мову, а не Расея будзе марнаваць нервы, грошы і рэшткі палітычнай рэпутацыі, каб забяспечыць сабе ўплыў. Моцны расейскі рубель, газавая і нафтавая труба – вось крыніцы ўплыву. А ідэалагічныя абдымкі – самой жа Расеі як пятля на шыі.

Лукашэнка на парадзе ў Маскве.
Фота: president.gov.by

І тое, што сказаў намеснік Пуціна па Савету Бяспекі Расеі (і па прэзідэнцкім пасту ў перыяд міжуладдзя) Дзмітрый Мядзведзеў – хутчэй за ўсё, фармулёўка ўзгодненая і зацверджаная. Асабліва відавочным гэта становіцца пасля скупой інфармацыі аб пасяджэнні Савета бяспекі РФ па міжнароднай праблематыцы і пасля дзвюх «ваенна-юбілейных» сустрэч Пуціна і Лукашэнкі, якія дэманстратыўна скончыліся нічым. Дакладней, дэманстратыўна скончыліся абзацам у інтэрв’ю Дзмітрыя Мядзведзева.

Так бы мовіць, Беларусь згадалі.

Вы лічыце гэта ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Беларусі і ў выбары? Лукашэнка відавочна лічыць: Мядзведзеў жа не падкрэсліў асаблівую ролю Аляксандра Рыгоравіча ў двухбаковых адносінах. А я –дакладна не лічу. Я лічу, што нарэшце агучаная тая мадэль беларуска-расейскіх адносін, якая з’яўляецца адзіна правільнай. І якая прадугледжвае раўнапраўе. Бо калі заўтра ў Крамлі сядзе Навальны ці, даруй божа, Ксенія Сабчак – ну, значыць такі наш лёс з імі дамаўляцца. Пакуль Пуцін – будзем жыць з Пуціным. Але і вы там, спадары-таварышы, не ўмешвайцеся, калі раптам Бабарыка пераможа…

А ён пераможа?

Не ведаю. Я ж не Ярмошына, каб усё ведаць загадзя. Нам паводле нашага месца слухаць належыць. Вось цяпер паслухалі Пу … Тфу! Мядзведзева паслухалі, Мядзведзева! Але ад таго, што казаў не Пуцін, а Мядзведзеў, у дадзеным выпадку нічога не мяняецца. Мядзведзеў замяніў Пуціна. Яму паводле пасады належыць. Ён – не генерал Тэфтэль, які-небудзь, каб потым яго словы кіраўнік дзяржавы ў прыватных гутарках дэзавуяваў. Сказаў – як адліў у бронзе. На наступныя пяць гадоў.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў