«Сантыметраў 8–10 вышэй – і мне патрапілі б у сэрца». СК два месяцы правярае факт ранення менчука


«Белсат» працягвае публікаваць сведчанні пацярпелых удзельнікаў пратэстаў 9–11 жніўня. Наш суразмоўца Аляксандр праз колькі гадзінаў пасля закрыцця выбарчых участкаў атрымаў 2 кулявыя раненні, 15 дзён правёў у рэанімацыі Менскай гарадской больніцы № 4, а пасля яшчэ тыдзень у хірургіі. Агулам за ўвесь час у мужчыны былі тры аперацыі, Аляксандра чакае чацвёртая.

Аляксандру 37 гадоў, нарадзіўся ў Слоніме. З адзнакаю скончыў ВНУ, паводле спецыяльнасці – менеджар у турызме. Апошнім часам працаваў кіроўцам. Яго выпісалі з Менскай гарадской больніцы № 4 у апошнія дні жніўня. Мы пагутарылі з Аляксандрам на другі дзень пасля таго, як ён выехаў з Беларусі ў адну з еўрапейскіх краінаў.

Дзявятага быў звычайны працоўны дзень

У дзень прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр працаваў. «У нас ёсць адзін склад, дзе мы дастаўцы. Усе нармальныя склады працуюць з суботы на нядзелю, а гэты адзіны мае выходную суботу, а ў нядзелю – працоўны дзень», – згадвае суразмоўца «Белсату».

Аляксандр пасля аперацыі. Фота з асабістага архіву

«У нядзелю 9 жніўня з Сухарава я паехаў да кліентаў у Шабаны. Усё завёз і пасля працы сядзеў удома. Ёсць у нас яшчэ адныя кліенты, якія маюць невялікую кавярню і якім трэба было завезці мяса ў панядзелак, 10-га. Бліжэй вечара я тэлефаную дзяўчыне, якая з намі супрацоўнічае, і пытаю, ці ёй заўтра прадукты прывозіць. А яна мне адказвае, каб пачакаў: можа, мне заўтра нічога не трэба будзе. Я яшчэ ў той момант думаў, ці ісці на акцыю. А гэтая дзяўчына, з якой я размаўляў, такая мініяцюрная… І я думаю: як я буду глядзець у люстэрка, калі ўдома застануся, а яна пайшла, не пабаялася, а я тут сяджу, разважаю».

Да стэлы нават не дайшоў

«У цэнтр я рушыў з Каменнай Горкі. Людзей было няшмат, але было бачна, што людзі збіраюцца. Мяне яшчэ падвезлі да метро «Пушкінская», там ужо быў затор у бок Кальварыйскай. Я выйшаў з машыны і пастанавіў ісці пешкі. Прайшоў будынкі міліцыі на Кальварыйскай. Там стаялі міліцыянты ў масках, але без латаў, бронекамізэлек. Я памятаю, яшчэ пажартаваў, запытаў іх: «Што, хлопцы, яшчэ 5 гадоў будзеце боты лізаць?» Адзін нават усміхнуўся, але агулам ніхто нічога не адказаў. І тут я чую сірэну – і на другім баку вуліцы, з боку Скрыганава, па ходніках падʼязджае машына ДАІ, а за ёй аўтазак».

Інтэрв’ю
«Білі тварам аб асфальт, вынікаў судмедэкспертызы пакуль няма». У СК менчуку адказалі, што не ведаюць, ці мае сэнс да іх звяртацца
2020.09.13 11:22

«За візавым цэнтрам, бліжэй моста на ўзгорку былі людзі, некалькі дзясяткаў чалавек, можа, чалавек 50 максімум. І я падумаў у той момант: трэба да іх падысці. Яшчэ гучна так крыкнуў: «Ідзем на той бок». І чалавек 20, хто збіраўся ісці далей, разам са мною пайшлі на другі бок вуліцы, да той групы. Усё было ціха і мірна, нават сімволікі не было асабліва. Ніхто не нападаў на міліцыянтаў, яны стаялі каля аўтазака за шчытамі. Не памятаю, колькі я там прастаяў, максімум 5 хвілінаў, і проста ўмомант шчыты рассунуліся і прагучаў стрэл. Чалавеку, які стаяў метраў за 5–7 ад мяне, трапілі гумоваю куляю».

Аляксандр у больніцы. Фота з асабістага архіву

«Я бачыў вочы таго, хто стрэліў, і на эмоцыях наўпрост яму пачаў крычаць. Натуральна, цяпер я разумею, што ім усё было хоць бы што. Крычаў яму: «Давай, страляй!» Літаральна секундаў 10–20 – стрэл, і я адчуваю, што мне прыляцела. Ужо цяпер я разумею, што мне вельмі пашанцавала. У мяне былі разбітыя 10-е і 11-е рэбры, сантыметраў 8–10 вышэй – і мне патрапілі б у сэрца. Я думаю, добра, я пайду адсюль. Разварочваюся – і мне ў паясніцу яшчэ другою куляю трапляюць. Упаў на калена, падняўся і на адрэналіне пабег. Можа, дапамагло спартовае мінулае, бо я кандыдат у майстры спорту ў бегу на 400 метраў. У той момант, як пабег, адчуў таксама, што ўжылі пярцовы газ. Нехта мне дапамог спыніць спадарожнае аўта, і мяне падкінулі да больніцы № 4».

Дактары падтрымоўвалі, казалі «Жыве Беларусь!»

«У больніцы я ўжо нічога не памятаў, крыві я страціў ладам. Пазней ужо размаўляў з хлопцам, які дзяжурыў з 9-га на 10-га, ён казаў, што ўсю ноч насіў кроў маёй групы ў на пераліўку».

10 жніўня ўдзень была другая аперацыя, дасталі 2 кулі, згадвае Аляксандр. Таксама 10-га ў больніцу прыйшлі следчыя, забралі вопратку Аляксандра і кулі. Ужо пасля выпіскі з больніцы з нашым суразмоўцам звязваўся следчы з Фрунзенскага райаддзелу СК па факце прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Правяранне трывае дасюль.

У адну з нядзеляў Аляксандр выйшаў з больніцы, каб на момант далучыцца да маршу. Фота з асабістага архіву

Паводле Аляксандра, дактары прызнаваліся, што лепш бы ўжо стралялі баявымі кулямі, бо гумовыя, калі трапляюць у цела чалавека, вядуць сябе зусім непрадказальна. «Ужо пазней у больніцу да нас прыходзіў хірург з вайсковага шпіталю, ён тлумачыў, што гэта не проста гумовыя кулі: там унутры ў іх – стальная частка, 2 сантыметры, а самыя гэтыя кулі – 5 сантыметраў», – кажа мужчына.

«Даводзілася ўвесь час ляжаць на спіне, павярнуцца было немагчыма, як навагодняя яліна быў – у трубках, ляжыш і ўвесь час баліць, баліць і баліць. Увесь час. За першыя 4 дні я спаў толькі тады, калі мне калолі прамедол. І тое, ён дазваляў адключыцца на паўтары – дзве гадзіны. Карацей, ляжыш і адчуваеш сябе паленам. Глядзіш у вакно і не разумееш, чаму так павольна цягнецца час».

Фота: «Белсат»
Фота: «Белсат»

У больніцы Аляксандру зрабілі каластамію – вывелі кішэчнік праз жывот, ужо за мяжою яго чакае чацвертая аперацыя, каб цалкам вярнуцца да нармальнага жыцця. У часе нашай размовы Аляксандр яшчэ меў адмысловы пакет, які насіў на жываце.

Жадання выязджаць з Беларусі ніколі не было

Пасля выпіскі праз пару дзён Аляксандр вярнуўся на працу і паралельна абмяркоўваў з валанцёрамі магчымасці працягнуць лекаванне за мяжою. Ён кажа, што не з’язджаў бы з Беларусі, калі б не рызыка трапіць пад крымінальную справу за ўдзел у масавых закалотах.

Інтэрв’ю
Завезлі ў Следчы камітэт як сведку, адтуль – на Акрэсціна як злачынцу. Студэнтку БДЭУ абвінавачваюць у масавых беспарадках
2020.09.09 18:53

«Яшчэ калі ляжаў у рэанімацыі, мне дазволілі карыстацца тэлефонам, і я ў медыях прачытаў аб праграме дапамогі за мяжою ад беларускіх дактароў у Еўропе. Я напісаў, пачалі камунікаваць, даслаў здымкі эпікрызу, яны адразу кажуць: «Наш кліент».

«Візу зрабілі вельмі хутка, патрэбны быў толькі фотаздымак і страхоўка, якую я зрабіў за 10 рублёў у «Белдзяржстраху». Я запоўніў анкету, аддаў, на наступны дзень мне ўжо аддалі пашпарт з гадавою візаю».

«У менскім аэрапорце ўсё прайшло спакойна, ніхто ніякіх пытанняў не задаваў. Пасля пералёту мяне сустрэлі беларусы, якія дапамагалі з выездам і квіткамі, я здаў аналіз на каронавірус, каля содняў быў у гатэлі ў ізаляцыі, а ўначы прыйшло паведамленне, што тэст на COVID-19 адмоўны».

«Марш гонару» 11 кастрычніка.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

З 5 кастрычніка Аляксандр – за межамі Беларусі. З бліжэйшых планаў – зрабіць аперацыю і закрыць каластому. Пасля аперацыі трэба будзе яшчэ правесці ў больніцы тыдні паўтара – два.

Вяртацца назад у Беларусь Аляксандр пакуль не плануе.

«Буду спрабаваць тут шукаць нейкія шляхі, – падсумоўвае размову Аляксандр. – Вярнуцца можна ў любы момант, але калі б маё вяртанне змяніла кардынальным чынам сітуацыю ў Беларусі, нават не раздумваў бы».

Мужчына выказвае ўдзячнасць усяму персаналу Менскай гарадской больніцы № 4.

  • З 9 жніўня ў Беларусі трываюць няспынныя пратэсты, на нядзельных акцыях колькасць удзельнікаў рэгулярна перавышае 100 тысячаў чалавек. Супраць дэманстрантаў улады ўжываюць гвалт і затрыманні. Паводле падлікаў праваабаронцаў, з пачатку выбараў у Беларусі былі затрыманыя больш за 14 тысячаў чалавек, шмат з іх былі збітыя, некаторыя – згвалтаваныя, прынамсі 6 асобаў загінулі. Паводле крымінальных справаў затрыманыя больш за 250 чалавек.
  • Некалькі тысячаў затрыманых звярнуліся ў Следчы камітэт з заявамі на супрацьпраўныя дзеянні працаўнікоў МУС. Следчы камітэт не завёў ніводнай крымінальнай справы па фактах зваротаў грамадзянаў.

НА belsat.eu

Стужка навінаў