Санітарны кантроль на польскай мяжы. Цяпер і на ўсходняй


Фото – gov.pl

Санітарны кантроль уведзены на ўсіх памежных пунктах з Расеяй, Беларуссю і Украінай. Абследуюць кожнага, хто ўязджае ў Польшчу.

Пра гэта афіцыйна паведамілі на прэс-канферэнцыі, якая адбылася пасля пасяджэння Урадавай групы кіравання ў крызісных сітуацыях. Акрамя прэм’ер-міністра Польшчы Матэуша Маравецкага ў ім прынялі ўдзел кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі і яго намеснік Павел Шэфернакер.

«З учорашняга дня ў 5 месцах пры пераездах аўтамагістраляў функцыянуюць пункты санітарнага кантролю», – паведаміў Каміньскі.

Кіраўнік МУС дадаў, што сёння пашырылі абʼём санітарнай праверкі на межах. На ўсёй усходняй мяжы, гэта значыць на польска-украінскай, польска-беларускай і польска-расейскай, усе, хто перасякае яе, будуць падвергнутыя санітарным працэдурах. На памежных пераходах на мяжы з Расеяй, Беларуссю і Украінай санітарны кантроль будзе ажыццяўляцца ў дачыненні да ўсіх асобаў і ўсіх транспартных сродкаў. Пад праверку патрапяць таксама пасажыры цягнікоў. Медычныя службы будуць вымяраць тэмпературу, а памежнікі – браць дадзеныя месцазнаходжання.

Пункты санітарнага кантролю будуць адкрыты таксама на польска-літоўскай мяжы і расцягнутыя на ўсю польска-нямецкую мяжу, на ўсіх аўта-пераходах таксама ўсталююць санітарныя патрулі.

«Усе межы Польшчы будуць абароненыя ад сёння», – падкрэсліў міністр.

На мяжы з Нямеччынай, Чэхіяй і Літвой функцыянуюць пункты санітарнага кантролю за асобамі, якія прыязджаюць у Польшчу аўтобусамі і маршруткамі. Па рэкамендацыі кіраўніка МУС на чэшскай і славацкай мяжы будуць створаныя дадатковыя пункты. Санітарную праверку пройдуць таксама людзі на паромных базах у Свінаўсьці, Гдыні і Гданьску. У працы санітарных пунктаў задзейнічаныя медычныя, памежная і пажарная службы, паліцыя, інспекцыя дарожнага транспарту, Падатковае Упраўленне і вайскоўцы.

Пры санітарным аглядзе ў першую чаргу медычныя службы праводзяць вымярэнне тэмпературы. Пасля пацверджання, што ні ў аднаго з правераных няма падвышанай тэмпературы, супрацоўнікі службы забіраюць карткі з дадзенымі пра месцазнаходжанне пасажыра і кіроўцы і правяраюць змешчаныя ў іх дадзеныя з пасведчаннямі асобы. Карта кіроўцы ўтрымлівае дадатковыя дадзеныя, сярод іншага рэгістрацыйны нумар транспартнага сродку і маршрут руху.

«У выпадку чалавека, які паведаміў пра дрэннае адчуванне і з падвышанай тэмпературай, далейшыя дзеянні ажыццяўляюць санітарныя службы ў адпаведнасці з указаннямі галоўнага санітарнага інспектара», – паведамляе партал gov.pl.

Чытайте па тэме:

«Уся краіна – чырвоная зона». Чаму беларусы не спяшаюцца вяртацца з Італіі?

Колькасць ахвяраў каронавіруса ў свеце набліжаецца да 4 тыс.

Польшча ўвядзе санітарны кантроль на мяжы з Нямеччынай і Чэхіяй

Фоторепортаж
Маски не нужны здоровым, но их все равно носит вся планета. Фотографии
2020.03.09 18:45

ЦГ/ЛБ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў