Самыя нетыповыя музеі Беларусі


Калі вы стаміліся ад сумных музеяў і музей уяўляецца вам не прыстанішчам музаў Апалону, а цёмным памяшканнем з архіўнымі фота і стандартнымі стэлажамі, то гэты матэрыял для вас. Прапануем вашай увазе самыя нетыповыя беларускія музеі.

1. Музей займальнай навукі Квантум

Музей на 1000 кв. м. і 150 экспанатаў дазваляе пазнаёміцца з асноўнымі галінамі навукі ў займальнай і інтэрактыўнай форме: як убачыць гук, як працуюць аптычныя ілюзіі, як самому стварыць цунамі. Для сваіх наведнікаў музей таксама арганізуе навуковыя шоу, экскурсіі і майстар-класы.

2. Музей навукі Еlemento

Экспазіцыя музею разлічаная пераважна на дзяцей 8-12 гадоў, але будзе цікавай і дарослым. Музей мае дзве асноўныя залы, у якіх наведнік пабачыць шэраг дзіўных і незвычайных прадметаў: эксперыментальныя ўстаноўкі, фізічныя інструменты, а таксама ў інтэрактыўнай форме зможа пазнаёміцца з некаторымі фізічнымі і хімічнымі з’явамі. Акрамя таго, арганізатары музею рэгулярна ладзяць лекцыі і навуковую шоу-праграму.

3. Музей мініяцюр Краіна-міні

Яшчэ адзін унікальны для Беларусі праект – музей мініяцюр, у якім знаходзяцца дакладныя мадэлі значных для Беларусі архітэктурных помнікаў, сярод якіх Нясвіжскі замак, Палац Паскевічаў, Лідскі і косаўскі замакі, Оперны тэатр.

Агулам, як сцвярджаюць арганізатары, у свеце 18 падобных музеяў.

4. Музей камянёў

Месца знаходжання такое ж нетыповае, як і самі экспанаты. Музей валуноў быў створаны ва Уруччы яшчэ ў 1985 годзе. Гэта адзіны музей Менску, які працуе 24 гадзіны ў содні. Сярод экспанатаў маюцца камяні са сваймі гісторыямі і легендамі.

5. Музей Азгура

Адзіны ў Беларусі манаграфічны музей уяўляе сабою асабістую майстэрню скульптара Заіра Азгура, ды ўключае больш за 4000 экспанатаў: скульптуры, жывапіс, графіка, кнігі, асабістыя рэчы ды інш. А скульптурная зала ў 204 кв.м. застаўленая вялізарнымі скульптурамі нікога не пакіне абыякавым.

6. Музей гісторыі Беларусі Алеся Белага (г. Старыя Дарогі, вул. Садовая, 52. Тэл.: +375 29 199-40-01)

Музей быў створаны калекцыянерам Алесем Белым ды стаў першым прыватным музеем сучаснай Беларусі. Экспазіцыя прэзентуе нацыянальна-культурную гісторыю краіны, тут шмат увагі ўдзяляецца такім дзеячам беларускай гісторыі: Кастусю Каліноўскаму, Ларысе Геніюш, Васілю Быкаву, Міколу Ермаловічу, братам Луцкевічам, заснавальнікам БНР, удзельнікам Слуцкага паўстання.

7. Музей авіяцыйнай тэхнікі

Музей створаны пад адкрытым небам на базе аэраклубу. Экспазіцыя налічвае каля 30 экспанатаў. У кабіны некаторых самалётаў можна залезці.

8. Музей піва

Музей знаходзіцца ў гістарычным будынку заводу «Аліварыя». Наведнік можа не толькі прадэгуставаць розныя гатункі піва, але і даведацца пра яго выраб ды філасофію гэтага алкагольнага напою.

9. Музей АнтыБахус

Яшчэ адзін «алкагольны» (насамрэч антыалкагольны) музей знаходзіцца ў вёсцы Локтышы, і ўяўляе самой экспазіцыю тары з пад алкагольных напояў. Сярод раздзелаў ёсць такія, як «Міфы старажытнага свету» (для прыкладу тут прадстаўлена гарэлка з назвамі «Алімп», «Бахус», «Гермес»), «Якія людзі былі», «Казанова», «Зайграй хлопча мілы» ды іншыя.

10. Музей памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (г. Мазыр, вул. Камсамольская, 20. Тэл.: +375 236 32-93-79)

У Мазыры знаходзіцца адзіны ў Беларусі музей ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Ён размешчаны ў крыпце Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора, дзе ў 1937 годзе была турма НКУС. У сценах царквы было выканана больш за 2000 смяротных прысудаў. У памяць пра ахвяраў у крыпце заўсёды гарыць каля сотні лампадак.

belsat.eu

Стужка навінаў