Самы старажытны драўляны будынак Беларусі паднялі на дамкратах дзеля рэстаўрацыі


Адмыслоўцы з Польшчы зоймуцца рэстаўрацыяй лямусу на тэрыторыі Брыгіцкага кляштару ў Горадні.

Гарадзенскі лямус ужо даўно стаў адной з візітовак гораду. Двухпавярховы будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку, накрыты гонтавым дахам, па версіі навукоўцаў паўстаў ажно ў XVII ст. Лямус аздоблены галерэяй з балюстрадамі, што надае фактычна падсобнаму будынку эстэтычныя рысы. Першапачаткова першы паверх прызначаўся для гаспадарчых мэтаў, другі – для жылля.

Пад сцены падкладаюць бэлькі-рычагі
Пад сцены падкладаюць бэлькі-рычагі

Цяпер драўляную канструкцыю лямусу паднялі на дамкратах на некалькі сантыметраў, каб умацаваць падмуркі. Там, дзе да самога фундаменту было дакапацца цяжка, выкарысталі бэлькі-рычагі. Разам з тым, каб двухпавярховая канструкцыя не развалілася, сцены змацавалі адмысловымі бярвёнамі па вертыкалі.

«Мы маем апошнюю магчымасць уратаваць гэты 300-гадовы помнік, – тлумачыць інжынер Генрык Раманчук, – Цяпер праходзяць падрыхтоўчыя працы. Пачнем са змены фундаменту. Гэта першая неабходная праца, якая мае быць выкананая яшчэ ў цякучым годзе! Калі будуць грошы, то налета можна скончыць працу цалкам. Але паводле нашай інфармацыі, грошы будуць выдзяляцца на працягу бліжэйшых двух гадоў».

Рэнавацыю будынку, будуць ладзіць «знізу ўверх». Спачатку фундамент, налета сцены, потым – дах. Тым не менш, гонтавы дах, які знаходзіцца ў жахлівым стане, мае быць закансерваваны ўжо сёлета, каб супрацьстаяць пранікненню вільгаці.

Беларускі бок дзейснага ўдзелу ў рэстаўрацыі не прымае: адмыслоўцы з Польшчы выключна ўзгадняюць свае працы з беларускімі калегамі.

Варта спраўдзіць, ці сапраўды лямусу 300 гадоў

Сёлета за лямус вырашыла ўзяцца Міністэрства Культуры Польшчы. Нашыя суседзі дапамагаюць і грашыма, і адмыслоўцамі. Вывучэнне лямусу і будаўнічыя працы будуць праходзіць паралельна.

«Ёсць меркаванне, што гарадзенскі лямус – гэта найстаражытнейшы драўляны будынак у Беларусі, збудаваны ў 1630-х, – распавядае др. Мацей Амбрасевіч, дырэктар Музею ў Віграх (Сувалкі), – Але ён гарэў некалькі разоў і пасля адбудоўваўся… Мы з дапамогаю метаду дэндрахраналогіі хацелі б спраўдзіць, ці адпавядае гэта рэчаіснасці. Спадзяюся, мы пацвердзім гэтую тэорыю».

Амбрасевіч вымушаны канстатаваць, што вялікая частка будынку пашкоджаная біялагічна – дзіркі ад шкоднікаў ды прагнілыя элементы бачныя няўзброеным вокам. Але аб’ект, нягледзячы на свой узрост, з’яўляецца даволі моцным.

Лямус быў збудаваны на тэрыторыі жаночага кляштару брыгітак, заснаванага ў 1634 годзе Крыштафам Весялоўскім, маршалкам ВКЛ. Дарэчы, у кляштар прымалі выключна дзяўчат са шляхецкіх заможных сем’яў, разлічаны ён быў на 30 манашак. За савецкім часам тут быў псіханеўралагічны дыспансер, на пачатку 1990-х увесь комплекс вярнулі вернікам.

Калі рэстаўрацыяй касцёлу займаліся, пачынаючы з 1980-х, то драўляны лямус, нягледзячы на сваю ўнікальнасць, увесь час заставаўся ўбаку. Да апошняга часу яго выкарыстоўвалі… як склад для будматэрыялаў.


Глядзіце ўсе фота з рэстаўрацыі лямусу:

Пад сцены падкладаюць бэлькі-рычагі

АК, belsat.eu

Стужка навінаў