Самы праблемны даўгабуд Магілёва пачалі ператвараць у спартовы комплекс


Жыхары мікрараёну Фаціна забілі трывогу ў сацыяльных сетках. З самага ранку 11 сакавіка яны заўважылі, як тэхніка зносіць старэйшы даўгабуд Магілёва – вяслярную базу на беразе Дняпра.

Вяслярную базу ў Магілёве не дабудавалі праз адсутнасць фінансавання

Будаўніцтва базы распачалося ў 2011 годзе, цалкам спынілася ў 2013 годзе і болей не аднаўлялася. Праблемным даўгабуд называюць праз адсутнасць належнай кансервацыі, што прывяло да пашкоджанняў будоўлі.

Мясцовыя жыхары неаднойчы звярталіся да ўладаў з патрабаваннем дабудаваць сацыяльны аб’ект. 31 студзеня 2018 году нават адбылася сустрэча жыхароў раёну і прадстаўнікоў улады, на якой людзі выказалі пажаданні хутчэй дабудаваць вяслярную базу. Разглядаліся варыянты: зрабіць з яе спартовы комплекс з басейнам ці цэнтр дзіцячай творчасці. Большасць прагаласавала менавіта за спартовы абʼект.

Адміністрацыйны корпус 6 год прастаяў не закансерваваны

Жыхар раёну Фаціна Аркадзь прысутнічаў на сходзе і падпісваўся пад калектыўным зваротам за тое, каб дабудавалі вяслярную базу. Ён быў не задаволены і раней, і цяпер:

«Аказваецца, больш за год чыноўнікі нешта вырашалі. А што вырашылі – нікога ні аб чым не папярэдзілі. У ціхую самі сабе нешта будуюць, ламаюць, пасля зноўку будуюць. А нам, жыхарам, якія да іх звярталіся і прасілі тут пабудаваць сацыяльны аб’ект замест гэтага даўгабуда, нават нічога не сказалі».

Каментары жыхароў Магілёва ў суполцы «МОГИЛЕВ Live»

У маладым мікрараёне Фаціна дагэтуль адсутнічаюць абяцаныя людзям сацыяльныя аб’екты: свая паліклініка, комплекс з басейнам, садок і дзіцячая школа. Усё гэта людзі бачылі ў генплане, усё гэта абяцаў пакупнікам кватэр забудоўнік. Маладыя семʼі ўехалі ў новая жыллё, але абяцанага не пабачылі. На ўвесь раён – толькі даўгабуд на пусткі ўздоўж Дняпра.

Цяпер пачаліся будаўнічыя працы на аб’екце. Але людзі абураны, з імі ніхто не параіўся. Абмеркавання абʼекту не было, яны не ведаюць, што збіраюцца будаваць.

Тэхніка напужала мясцовых жыхароў: ім прасцей паверыць у тое, што даўгабуд знясуць, чым у тое, што комплекс нарэшце дабудуюць

Ва ўпраўленні капітальным будаўніцтвам Belsat.eu патлумачылі, што вяслярная база стане шматфункцыянальным спартовым комплексам з двума басейнамі. А тое, што людзі прынялі за знос будынку, як раз і ёсць пачатак вялікага ператварэння.

11 сакавіка будаўнічая тэхніка пачала расчышчаць пляцоўку для будучых збудаванняў. Дзеля гэтага спатрэбілася знесці некалькі незавершаных элементаў.

Недабудаваная вяслярная база знаходзіцца ў маладым мікрараёне Фаціна

«Галоўны будынак – адміністратыўны цэнтр – знасіць не будуць, зносяць толькі калоны побач з ім. Адбылася карэкціроўка першапачатковага праекту, згодна якой, побач з адміністратыўным корпусам пабудуюць крыты басейн. Дзеля гэтага тэхніка і расчышчае пляцоўку», – паведамілі нам у Магілёўскім абласным упраўленні капітальным будаўніцтвам.

Недабудаваная вяслярная база ў Магілёве

Мульціфункцыянальны спартовы комплекс, які пабудуюць замест вяслярнай базы, будзе ўключаць у сабе два басейны на 50 і 25 метраў даўжынёй, залю для боксу і залю для аэробікі. Таксама ў склад комплексу ўвойдзе гасцініца і кавярня.

На гэтым месцы паўстане корпус з двума басейнамі

Вольга Васільева, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў