Самы антылукашэнкаўскі ўрад у свеце


Хутчэй за ўсё, у Вільні будзе самы антылукашэнкаўскі ўрад у свеце. У парламенцкіх выбарах у Літве перамагла кансерватыўная партыя. Ужо цяпер яе прадстаўніца, кандыдатка на пасаду прэм’ера Інгрыда Шыманіце, раскрытыкавала працу міністра энергетыкі адносна байкоту электраэнергіі з БелАЭС. Як можа змяніцца вонкавы курс Літвы ў дачыненні Беларусі?

Трыццаць два мандаты супраць пяцідзесяці. Літоўскі звяз сялянаў і зялёных не здолеў прайсці на другі кіроўны тэрмін у Сейм. Большасць галасоў на парламенцкіх выбарах атрымаў апазіцыйны яму Звяз Айчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты. Пераможцы-кансерватары пачалі фармаваць правацэнтрысцкую кааліцыю.

Габрыелюс Ландсбергіс, старшыня партыі «Звяз Айчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты»:

«Мы хацелі б пераступіць праз тое, што называецца падзелам на правых і левых. Таму мы хочам сфармаваць кааліцыю вакол цэнтру, запрашаючы больш партыяў, чым звычайна, як было прынята ў якасці культурнай нормы ў Літве».

Аб’яднанне з Рухам лібералаў і праваю Партыяй Свабоды, блізкімі кансерватыўнаму Звязу Айчыны, дае 74 галасы. Гэта гарантуе бальшыню са 141 дэпутацкага крэсла ў Сейме. Партыі ўжо заявілі пра намер сфармаваць адзіны ўрад на чале з Інгрыдаю Шыманіце – лідаркаю выбарчага спісу кансерватараў і былою кандыдаткаю на пасаду прэзідэнта. Кандыдатуру ўхваліў і прэзідэнт Літвы Гітанаc Наўседа. Чаго чакаць Беларусі ад новага ўраду пад такім кіраўніцтвам?

Hавiны
Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай: Расея выставіла Лукашэнку жорсткія ўмовы
2020.10.31 08:05

Каментуе Марус Лаўрынавічус з Віленскага інстытуту палітычнага аналізу:

«Гэты ўрад меў ілюзіі, што можна дамаўляцца пра штосьці з рэжымам Лукашэнкі. Цяпер, вядома, гэтых ілюзіяў ужо няма. У плане нейкіх зменаў, больш паслядоўнага падтрымання грамадзянскай супольнасці».

Літоўскі палітолаг Лаўрынас Ёнавічус мяркуе, што варта чакаць больш вострай пазіцыі наконт Астраўца:

«Кансерватары заўжды былі радыкальныя на гэты конт, вельмі крытыкавалі міністра, які сыходзіць, і ўсіх, хто працаваў у гэтым пытанні».

Ужо на наступны дзень пасля агалашэння вынікаў парламенцкіх выбараў у Літве Інгрыда Шыманіце раскрытыкавала міністра энергетыкі адносна трохбаковай методыкі гандлю электраэнергіяй з Расеяй. Кансерватарам не падабаецца, што ён пакіне магчымасць доступу электраэнергіі з Астраўца на літоўскі рынак праз Расею.

Інгрыда Шыманіце, кандыдатка на пасаду прэм’ер-міністра Літвы:

«Тое, што адбываецца цяпер у плане метадычных узгадненняў і паміж краінамі ў тэхнічных пытаннях, якія маюць палітычныя ды вельмі сур’ёзныя практычныя наступствы, гэтага проста не можа быць. Калі такія рашэнні будуць, абавязальніцтвы будуць прынятыя, тады гэта давядзецца пераглядзець».

Калі радыкальнай змены курсу адносна Беларусі ад паслядоўнай палітыкі Літвы чакаць не давядзецца, то варта разлічваць на лабіяванне беларускіх пытанняў у Бруселі.

Лаўрынас Касчунас, дэпутат Сейму Літвы:

«У еўрапейскіх фарматах пытанне Беларусі будзе заўжды падымацца. Мы можам рабіць так, каб гэтае пытанне не было 401-м ці нейкім на перыферыі».

Hавiны
Чаго ад Лукашэнкі хочуць Расея ды ЗША?
2020.10.30 08:05

Падтрыманне Святланы Ціханоўскай, узмацненне пазіцыі адносна Астравецкай АЭС і санкцыі супраць Беларусі, што Літва разам з іншымі краінамі Балтыі ўвялі яшчэ да вынясення агульнай пазіцыі Еўразвязам, абурыла Лукашэнку. Ён адказаў прапановай айчыннаму ўраду пераарыентаваць усе гандлёвыя плыні з Літвы. Ці рэальная такая пагроза, з улікам, што праз парты Клайпеды праходзіць экспарт большай часткі беларускіх нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў?

Вадзім Валавой, старэйшы эксперт Цэнтру геапалітычных даследаванняў Літвы:

«Гэта сапраўды эканамічна не выгадна Беларусі, аднак тут яшчэ няма канчатковага разумення, што ў выпадку з Беларуссю і Расеяй часам прымаюцца палітычныя рашэнні, якія не заўжды супадаюць з эканамічнаю логікаю. Тут трэба прымаць да ўвагі той факт, што Расея з улікам яе вялікага эканамічнага патэнцыялу можа стварыць больш ці менш альтэрнатыўныя эканамічныя ўмовы экспарту беларускіх тавараў».

У Літве зніжэння тэмпаў супрацы не назіраюць. Што праўда, узмацнення ціску нелегітымны беларускі ўрад пакуль таксама не зазнае. Пакараць жа афіцыйную Вільню – справа не хуткая, дадае эксперт. Неабходна стварыць дадатковую інфраструктуру, новую прававую базу і дамовіцца пра ўрэгуляванне тарыфаў. А да гэтага часу, можа, і Лукашэнка не дасядзіць.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

 

Стужка навінаў