Самотны бацька, жонка якога павесілася праз сацыяльныя службы, што забралі дзяцей, можа пабачыць іх не скора


Андрэй Боўшыс з вёскі Вайкунцы ўжо амаль абставіў кватэру. Засталося абсталяваць кухню і ўладкавацца на працу.

З першым дапамагаюць валанцёры. Паводле журналіста Андруся Козела, які распачаў ініцыятыву дапамогі шматдзетнай сям’і, цяпер мэблю для кухні робяць у Горадні. Пасля яе даставяць у Воранава.

Працу мужчына шукае самастойна. Belsat.eu ён распавёў, што гатовы працаваць на будоўлі і ўжо дамовіўся на сумоўе з прарабам.

«Аднак дзяцей у найлепшым выпадку я пабачу толькі ў траўні. У сакавіку яны едуць у санаторый на тры тыдні».

У Радунскім сацыяльна-педагагічным цэнтры кажуць, што рашэнне, калі бацька пабачыць сваіх дзяцей, прымаюць не яны, а камісія ў райвыканкаме.

«Адмяніць рашэнне можа толькі камісія райвыканкаму, якая і пастанавіла забраць дзяцей. Мы займаемся толькі дзецьмі. У іх усё нармальна, бацька наведвае дзяцей. Ён муляр, мы яму паказалі абвестку з працаю».

Дырэктарка цэнтру Данута Савіцкая дадае, што дзеці Андрэя Боўшыса былі на пахаванні маці і адчуваюць сябе «нармальна».

«Не сумуюць, не плачуць, мы імі займаемся».

Трагедыя здарылася ў вёсцы Вайкунцы Воранаўскага раёну 7 лютага. Таццяна Боўшыс скончыла жыццё самагубствам пасля таго, як сацыяльныя службы забралі ейных чацвярых дзяцей у прытулак за антысанітарыю ў доме. Неабыякавыя беларусы распачалі кампанію збору неабходных рэчаў, каб муж загінулай, Андрэй Боўшыс, мог атрымаць дзяцей назад.

 

Гісторыю сям’і Боўшыс глядзіце ў нашым матэрыяле

ДР belsat.eu

Стужка навінаў