Самая танная бульба ў горадзе. У Менску пачалі працаваць кірмашы беларускіх тавараў


З 27 верасня ў Менску пачалі працаваць сельскагаспадарчыя кірмашы. Вялікі кірмаш – каля «Чыжоўка-Арэны» адчыніўся для пакупнікоў сёння, 28 верасня. Тут можна набыць па выгадных коштах гародніну, мяса і нават вопратку. Галоўнае, каб тавары былі зробленыя ў Беларусі. Belsat.eu праверыў, чаму менчукі ходзяць на такія кірмашы, і наколькі выгадней там закупацца.

Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Фургончыкі з усёй краіны

Нягледзячы на хмары і накрапваючы дождж, людзей каля «Чыжоўка-Арэны» шмат. Купіць там можна хіба што ўсе тавары першай неабходнасці, а потым запіць іх півам і закусіць шашлыкамі.

На кірмаш прыехалі фургончыкі з усёй краіны. Напрыклад, жыхар вёскі на Піншчыне Арцём ужо другі год прыязджае на гэты кірмаш. Разам з жонкай яны прадаюць уласнаруч вырашчаныя памідоры. Паводле іх, трапіць на кірмаш нескладана – трэба толькі зарэгістравацца онлайн ды прадставіць дадзеныя пра тавар і ўчастак. Плаціць за арэнду фізічнай асобе не трэба.

Фермер Арцём.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

– Мы з пачатку вясны ездзім на кірмашы, рынкі. У мяне яркая шапка – па ёй кліенты нават пазнаюць, – смяецца ён.

Здалёк ездзяць ня толькі прыватныя фермеры, але і дзяржаўныя ўстановы. Напрыклад, фургончык з журавінамі прыехаў ажно з Акцябрскага. Ветлівая жанчына прызнаецца, што спачувае блогеру Андрэю Павуку, і ледзь не шэптам кажа, што павінна ўдзельнічаць у такіх кірмашах.

Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Вытворцы дзіцячай вопраткі з Баранавічаў прыехалі на кірмаш упершыню. Яны самі шыюць шапкі і паўзункі для немаўлят. Справы ў пары ідуць з пераменным поспехам.

Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

У прадаўцоў мяса, гародніны і малочных прадуктаў гандаль наадварот ідзе вельмі спрытна. На адной з кропак нават сканчаецца тварог, і яны просяць пакупнікоў пачакаць 15 хвілін.

АМАП і агратрэш

Некаторыя кропкі ўпрыгожаныя імправізаванымі фотазонамі з роставымі лялькамі, апранутымі ў беларускую нацыянальную вопратку. Адна з жанчын, якая праходзілі міма, кажа, што гэтая лялька можа і напалохаць непадрыхтаванага чалавека.

Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

– Я падумала, што нейкі п’яны чалавек ляжыць, – смяецца яна.

Але п’яных людзей на кірмашы няма. Магчыма, таму, што за парадкам сочыць АМАП, які шпацыруе паміж шэрагамі. Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі Менгарвыканкаму.

Чаму кірмаш карыстаецца папулярнасцю?

Сярэдні ўзрост наведвальнікаў кірмашу – прыкладна 50 гадоў. Звычайна гэта сямейныя людзі, якія прызвычаіліся закупаць ежу на некалькі месяцаў наперад. Напрыклад, Святлана сёння набыла 93 кілаграмы бульбы.

Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

– Тут самы нізкі кошт – 93 капейкі за кілаграм. Агулам аддалі 25 рублёў. Хопіць нам гэтага меху бульбы ненадоўга, месяца на два – сям’я вялікая. На кірмаш прыязджаем ужо другі год, – распавядае яна.

Сталы мужчына Яраслаў мае вялікую сямʼю з сямі чалавек, і таксама грунтоўна закупіўся.

Пакупнік Яраслаў.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

– Мы ўзялі 60 кілаграмаў бульбы і яшчэ мех цыбулі. Кірмаш гэты мы наведваем пастаянна. Ездзім і на Трактарны завод па закупы, але там рынак маленькі.

Святлана з маленькім дзіцёнкам прыехала на кірмаш з Серабранкі. Кажа, што кожны год закупаецца тут.

– На кірмашы танней, дый якасць лепшая. Напрыклад, мяса больш свежае, чым у крамах. Зараз буду дзіцяці індычку купляць.

Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Якія кошты?

Кошты на кірмашы сапраўды ніжэй. Напрыклад, бульбу ў самым недарагім месцы тут можна купіць па 39 капеек за кілаграм. У «Еўраопце» на акцыі яна каштуе 49 капеек. Моркву на кірмашы прадаюць па 54 капейкі за кілаграм, а ў краме – 1 рубель. Мяса на сельгаскірмашы таксама танней: свініна каштуе 9,5 рублі, а ў краме – 12 рублёў.

Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Каб пакупнікам было зручней перавозіць тавар, шмат у якіх фургонах прадаўцы загружаюць мяхі ў вазок і дапамагаюць давезці да машыны. А людзям, старэйшым за 80 гадоў, і ветэранам Другой сусветнай вайны актывісты БРСМ прапаноўваюць бясплатную дастаўку закупаў.

Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Працаваць кірмашы будуць кожныя выходныя да канца кастрычніка на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны» ад 9:00 да 16:00. А 19 і 20 кастрычніка кірмаш пройдзе на пляцоўцы каля Палацу Спорту.

Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Ксенія Тарасевіч, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu

Стужка навінаў