Аператыўна-аналітычны цэнтр Лукашэнкі атрымаў новыя паўнамоцтвы. Адпаведны загад падпісаў кіраўнік ведамства Андрэй Паўлючэнка, які раней выконваў абавязкі начальніка аховы кіраўніка Беларусі.
Раней ААЦ не было ў спісе асобаў, упаўнаважаных складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Згодна з загадам, ААЦ цяпер можа складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях і займацца падрыхтоўкай справаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у выпадку:
Загад уступіў у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.
На думку юрыста Алега Агеева, такім чынам дзяржава ўзмацняе ціск за распаўсюд інфармацыі, і органы, якія адказваюць за гэта, надзяляюцца ўсё большымі паўнамоцтвамі, каб кантраляваць інтэрнэт.
«Раней за гэта адказваў МУС ці Міністэрства інфармацыі. У Мінінфарма былі даволі жорсткія меры, што датычыць блакавання сайтаў, а пратаколы складаў МУС. Цяпер, каб не перакідваць паперы з аднаго органу на другі, ААЦ дазволілі складаць пратаколы – органу, які наўпрост падпарадкоўваецца Адміністрацыі прэзідэнта. Хутчэй за ўсё гэта робіцца, каб мець магчымасць аператыўна рэагаваць на інфармацыю, якая не спадабаецца камусьці з кіраўнікоў дзяржавы на самым версе», – кажа Алег Агееў.
Афіцыйна ААЦ мае супрацьстаяць пагрозам інфармацыйнай бяспекі краіны і займаецца «рэгуляваннем дзейнасці для забеспячэння абароны інфармацыі, якая ўтрымлівае дзяржаўныя сакрэты РБ».
Сам Лукашэнка неаднаразова адзначаў, што чакае ад ААЦ «больш глыбокай, якаснай інфармацыі па лініі барацьбы з карупцыяй». Аднак у снежні летась кіраўнік Беларусі адхіліў ад пасадаў усё кіраўніцтва ААЦ у сувязі з іх датычнасцю да шэрагу крымінальных і карупцыйных справаў.
Аператыўна-аналітычны цэнтр называюць самай сакрэтнай беларускай сілавой структурай. Ведамства мае права сачыць, праслухоўваць тэлефоны, весці схаванае відэаназіранне.
«Рэпарцёры без межаў» называюць ААЦ «ворагам інтэрнэту». Установа ажыццяўляе цэнзуру ў інтэрнэце, шпіёніць за журналістамі і курыруе правайдараў. Пры гэтым супрацоўнікі ААЦ ніколі не «свецяцца» на затрыманнях і ніколі не згадваюцца ў крымінальных справах.
ДР belsat.eu