Самападпал у Менску, заява Ціханоўскай, ператрусы ў Бабруйску. У Беларусі прайшоў 167-ы дзень пратэстаў


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 167 дзён. «Белсат» сабраў галоўныя падзеі гэтага дня.

Зранку 35-гадовы Павел Б. падпаліў сябе на менскай плошчы Незалежнасці. Мужчыну здолелі выратаваць, але ён атрымаў больш за 50% апёкаў і прынамсі адразу пасля здарэння быў непрытомны.

«Было бачна, што чалавек перажывае за тое, што адбываецца ў краіне. Яго даўно турбуе несправядлівасць, баліць за Беларусь душа і сэрца. Ён здзейсніў вельмі моцны ўчынак, спадзяюся, што ён ачуняе», – спадзяваўся ў размове з «Белсатам» знаёмы пацярпелага.

Абноўлена
У цэнтры Менску мужчына здзейсніў самападпал. Ён непрытомны
2021.01.22 12:15

У бабруйскіх актывістаў прайшлі ператрусы

Бабруйскія сілавікі доўга не спяць. З самай раніцы яны пачалі ператрусы ў мясцовых актывістаў. А 13:00 былі вядомыя імёны 9 затрыманых. Увечары адпусцілі карэспандэнта «Бабруйскага кур’еру» Віктара Качана – ён цяпер праходзіць сведкам па крымінальнай справе. Артыкулы ва ўсіх розныя: дапрыкладу, Алена Стрыгунова праходзіць па адміністратыўным 23.34.

Рэпрэсіі завіталі не толькі ў Бабруйск. Затрымалі актывіста «Честных людей» Цімура Газізава і Максіма Вінярскага з «Еўрапейскай Беларусі».

Hавiны
У Бабруйску з самай раніцы – ператрусы ў актывістаў
2021.01.22 12:16

Зняволенне за размаляваныя шчыты, «хімія» за абразу, арышт за распаўсюд дадзеных

Штодзень беларускія суды выносяць новыя прысуды. 22 студзеня не стала выключэннем. Ціхана Клюкача адправілі ў калонію на паўтары гады, Сафію Малашэвіч – на два. Іх вінавацілі ў тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты сродкаў загароды на акцыі пратэсту 6 верасня (ч. 2 арт. 339 КК), а таксама бралі ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Дзяўчына атрымала і абвінавачанне ў публічнай абразе прэзідэнта (арт. 368 КК).

Hавiны
«Яна такая малайчына!» Вынеслі прысуд маладзёнам, якія размалявалі шчыты АМАПу на маршы ў Менску
2021.01.22 15:37

Былы начальнік крымінальнага вышуку Заводскага РУУС сталіцы Дзмітрый Кулакоўскі атрымаў два гады «хіміі» за «абразу» аператыўніка Упраўлення ўласнай бяспекі. Сам экс-міліцыянт справу назваў сфабрыкаванай, а каментар, у якім яго вінавацілі, на судзе так і не прадэманстравалі. Мужчыну вызвалілі з залы суда, але ў яго не атрымалася паехаць дадому без прыгодаў. Жонку і 15-гадовую дачку Дзмітрыя праз тое, што ля будынку суда Маскоўскага раёну яны віталі мужа і бацьку белымі і чырвонамі шарыкамі.

Дзмітрый Кулакоўскі на судзе
Фота: «Наша Ніва»

Тры месяцы арышту атрымала Ларыса Танкашкур. Былую паштарку вінавіцілі ў распаўсюдзе дадзеных сілавікоў. Пацярпелымі прызналі 35 чалавек: гэта работнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намеснік начальніка ДАІ і нават ужо звольненыя міліцыянты.

«Калі б я хацела на палітычным, я б магла распаўсюдзіць даўно. А так, тое, што адбывалася на Лебядзіным… я шчыра хацела дапамагчы людзям. І яны спачатку казалі мне, што так, дапамагло, іх (затрыманняў. – Белсат) стала менш, а потым усё роўна…», – распавяла спадарыня Ларыса «Белсату».

Hавiны
Паштальёнцы, якая «зліла» звесткі міліцыянтаў, далі 3 месяцы арышту
2021.01.22 11:57

Беларускі баец папрасіў палітычнага прытулку ў Расеі

21 студзеня ў Маскве па запыце беларускіх уладаў затрымалі байца MMA Аляксея Кудзіна. Падчас пратэстаў у родным Маладзечне ён, абараняючыся ад сілавікоў, нанёс пашкоджанні некалькім з ім. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу – «Супраціў працаўніку органаў унутраных справаў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак», аднак напярэдадні суда спартовец знік і пасля паведаміў, што знаходзіцца за мяжой.

Дамадзедаўскі суд Масквы арыштаваў Кудзіна на два месяцы. Пытанне наконт яго дэпартацыі яшчэ вырашаецца. Між тым, беларус напісаў прашэнне аб наданні ў Расеі палітычнага прытулку. А Беларускі фонд спартовай салідарнасці накіраваў ліст у абарону байца ў Дзяржаўную думу, пракуратуру і Алімпійскі камітэт Расеі. Зварот падпісалі больш за 322 чалавекі.

Hавiны
Больш як 300 спартоўцаў просяць не выдаваць байца Кудзіна ў Беларусь
2021.01.22 17:15

Ціханоўская не пойдзе на новыя выбары

Насычаны дзень быў у Святланы Ціханоўскай. Экс-кандыдатка ў прэзідэнты разам з Паўлам Латушкам выступіла на паседжанні Рады бяспекі ААН.

«Незалежныя медыі мусілі асвятляць тое, што адбывалася: незаконныя затрыманні, катаванні і забойствы мірных пратэстоўцаў. Медыі сталіся цэллю для беларускага рэжыму», – сказала Ціханоўская. Яна прыгадала, што цяпер 9 крымінальных справаў распачатыя адносна журналістаў, і 3 журналісткі цяпер за кратамі. А скончыла свой выступ былая кандыдатка фразай «Жыве Беларусь!» па-ангельску.

Таксама Ціханоўская мела сустрэчу з прэм’ер-міністрам і кіраўніком МЗС Эстоніі ў Талліне. Беларуска нават атрымала першую дзяржаўную ўзнагароду – крыж за заслугі перад Эстоніяй. А на прэс-канферэнцыі яна зрабіла важную заяву наконт сваіх палітычных планаў.

«На гэты момант я не буду браць удзелу ў наступных выбарах».

Hавiны
Ціханоўская не плануе браць удзелу ў наступных выбарах у Беларусі і ўхваляе санкцыі
2021.01.22 14:50

У Менску забралі яшчэ адзін спартыўны турнір

Беларусь працягвае страчваць міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы. За хакеем надышла чарга сучаснага пяцібор’я.

«Была асаблівая занепакоенасць тым, што ў гэты час шматлікія краіны-ўдзельніцы не хочуць ездзіць у Беларусь, і члены Выканаўчай рады хацелі абараніць сумленнасць спаборніцтваў і алімпійскі кваліфікацыйны працэс», – гаворыцца ў заяве Міжнароднага саюзу сучаснага пяціборʼя (UIPM).

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў