Самалёт «Белавіі» пасадзілі ў Горадні, каб зняць з борту шэсць чалавек


«Embraer 175» авіякампаніі «Белавія». Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Лятак, які выконваў рэйс з Менску ў Мюнхен 24 студзеня, развярнуўся ў паветранай прасторы Польшчы і вярнуўся ў Беларусь, падае «Tut.by» са спасылкай на некалькіх пасажыраў.

«Embraer 175», які выконваў рэйс з беларускай сталіцы ў Мюнхен, павінен быў вылецець з нацыянальнага аэрапорту «Менск» у пятніцу а 12:30, але вылет адбыўся толькі а 15:33.

«Спачатку рэйс затрымалі на тры гадзіны, тлумачачы гэта тым, што была тэхнічная няспраўнасць сістэмы падачы вады (ці нешта звязанае з водазабеспячэннем). У выніку пасажыраў пасадзілі на рэйс, і мы ўзляцелі. Да Мюнхена ляцець каля дзвюх гадзін. Прыкладна па сканчэнні гэтага часу мы пачалі зніжацца, і якое ж было нашае здзіўленне, калі камандзір экіпажу сказаў, што праз тэхнічную няспраўнасць мы вымушаныя зрабіць экстранную пасадку ў Горадні», – распавёў адзін з пасажыраў.

На старонцы «Flightradar24», якая дазваляе адсочваць авіямаршруты, відаць, што самалёт амаль даляцеў да Вроцлава, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь. А 17:39 «Embraer» прызямліўся ў Горадні.

Маршрут палёту рэйсу B2899 авіякампаніі «Белавія» 24 студзеня 2020 года. Крыніца – «Flightradar24»

«З самалёту нікога не выпусцілі (у самалёце былі пасажыры з дзецьмі). Праз 20 хвілінаў у самалёт увайшла група памежнікаў і мытнікаў. Памежнік паведаміў па гучнай сувязі, што цяпер назаве шэсць чалавек, і калі мы пачуем сваё прозвішча, то павінныя ўстаць, забраць сваю ручную паклажу і багаж і прайсці з ім», – працягнуў пасажыр.

Пасажыры рэйса распавядаюць, што прыкладна праз 20 хвілінаў пасля таго, як шэсць асобаў знялі з рэйсу, усіх папрасілі выйсці, узяць з сабой багаж і перасесці ў аўтобус, каб лайнер дазаправілі палівам.

Пасля таго як пасажыры вярнуліся на свае месцы, ім паведамілі, што тэхнічныя няспраўнасці ліквідаваныя. Гэта выклікала смех пасажыраў.

У Мюнхен самалёт вылецеў у 19:26, а прыляцеў а 19:01 (у Нямеччыне на дзве гадзіны менш, чымся ў Беларусі).

«Ніякіх каментароў ад супрацоўнікаў «Белавія» мы гэтак і не атрымалі. Сумарна мы спазніліся дзесьці на 5– 6 гадзінаў, у многіх былі стыкоўкі ў Мюнхене – іх расклад цалкам парушыўся», – дадаў адзін з пасажыраў.

Пакуль ані «Белавія», ані Памежны камітэт, ані адміністрацыя гарадзенскага аэрапорту не каментуюць сітуацыю.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў