«Сама зайшла ў аўтазак за мужам і бацькам». Як сям’я Афанасьевых ходзіць на пратэсты ў Магілёве


30 верасня Майя прыйшла на суд да мужа разам з бацькам. Такой кампаніяй яны і ходзяць на пратэсты ў Магілёве. 27 верасня ў Ленінскім РАУСе склалі пратаколы за ўдзел у акцыі пратэсту на ўсіх траіх, але Майю з бацькам адпусцілі дадому, а мужа адправілі чакаць суду ў ізалятар. 30 верасня суд Ленінскага раёну Магілёва прысудзіў Арцёму Афанасьеву 7 содняў арышту.

Справу разглядала суддзя Ксенія Урублеўская. Сам Арцём прысутнічаў на працэсе віртуальна – праз Скайп. Зараз у магілёўскіх судах справы па арт. 23.34 КаАП, калі абвінавачаны ўжо змешчаны ў ізалятар, у абсалютнай большасці выпадкаў разглядаюцца праз Скайп. Маўляў, праз цяжкую эпідэміялагічную сітуацыю так бяспечней. Але ўсе астатнія могуць папрысутнічаць на разглядзе справе ў кабінеце суддзі і нават без масак.

Перад Арцёмам гэтая ж суддзя разглядала аналагічную справу: хлопца затрымалі 27 верасня на пратэсце, абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і вынеслі вырак – 12 содняў. Здаецца, вынік справы Арцёма ўжо вядомы. Але родныя – жонка Майя і цесць Аляксандр не губляюць надзеі.

Маяй з бацькам Аляксандрам.
Фота: «Белсат»

Суддзя пачынае разгляд справы. Арцём бачыць у акенцы Скайпу толькі твар суддзі і нават не здагадваецца, што ў кабінеце прысутнічаюць яшчэ людзі, у тым ліку яго родныя. Суддзя зачытвае, у чым абвінавачваецца Арцём: «Рухаўся ў калоне людзей, якая выкрыквала лозунгі і меў апазіцыйную сімволіку» – гэта ч.1. арт. 23.34 КоАП. І «адмовіўся выканаць законныя патрабаванні супрацоўніка міліцыі спыніць шэсце і разысціся» – арт. 23.4 КоАП. За адно і другое прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ці содняў.

Hавiны
«Ударылі па галаве, селі на плечы». Сёння з больніцы выходзіць магілёвец, які пацярпеў на нядзельным маршы
2020.09.30 11:20

Арцём адкрыта кажа: «Так, у шэсце браў удзел, бо хацеў выказаць салідарнасць. Я не згодны з вынікамі выбараў прэзідэнта 9 жніўня. Ведаў, што шэсце несанкцыянаванае». Далей Арцём апісвае момант свайго затрымання. Маўляў, на плошчы Арджанікідзэ ён пачуў выбух ці хлапок, пасля АМАП пачаў працаваць дубінкамі.

«Супрацоўнікі ўдарылі мяне па спіне, ад удараў я ўпаў на зямлю. У мяне выпаў мабільны тэлефон і ключы. Мне загадалі пакласці рукі за спіну, я адразу не зразумеў і паклаў іх за галаву. Пасля гэтага мяне панеслі ў мікрааўтобус», – згадаў Арцём на судзе.

Сям’я Афанасьевых на акцыі пратэсту. Фота з асабістага архіву

Але ж згодна з тлумачэннем сведкі-міліцыянта, усё было зусім інакш. «27 верасня я заступіў на службу па ахове грамадскага парадку. У цэнтры гораду пачалі збірацца людзі, якія выказвалі пратэставыя настроі. На плошчы Арджанікідзэ грамадзяне не рэагавалі на просьбы спыніць несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і разысціся. Іх папярэджвалі з мегафонам, неаднаразова, але людзі і канкрэтна Арцём Афанасьеў не разыходзіліся», – сказаў нехта Курносенка.

Арцём заявіў, што на месцы падзей не чуў, каб супрацоўнікі прасілі людзей разысціся. Гэтыя словы ён пачуў толькі ў Ленінскім РАУС, калі праглядаў аператыўнае відэа.

Цесць Арцёма Аляксандр Новікаў, які таксама быў затрыманы на тым жа самым месцы 27 верасня, таксама не памятае, каб нехта прасіў разысціся.

Сляды ад збіцця супрацоўнікамі міліцыі.
Фота: «Белсат»

«Я пачуў толькі нейкі вокліч, быццам каманду, «Б’ём!». І АМАП адразу панёсся на нас. Паколькі сярод пратэстоўцаў былі жанчыны, то мужчыны сталі ў счэпку, каб іх абараніць. Канкрэтна мне прыляцела: спачатку ўдарылі дубінкай па назе, пасля было некалькі ўдараў берцамі ў жывот, далей – білі па руках і па галаве. Канешне, я стараўся ўхіліцца ад удараў і таму было цяжка разгледзець, хто іх наносіць. Запомніліся толькі вочы – поўныя нянавісці», – кажа Аляксандр.

Зараз на целе мужчыны яшчэ засталіся сінякі і абдзёрына. Майя падчас затрыманняў падбегла да таты, каб яго абараніць – у мужчыны 2-ая група інваліднасці. Але не змагла. Мужчыну паднялі і панеслі ў аўтазак. Падчас гэтага парвалі кашулю і рэмень.

Сляды ад збіцця супрацоўнікамі міліцыі.
Фота: «Белсат»

Пасля такога нападу Маяй не магла пакінуць бацьку без увагі. Дзяўчына сама падышла да АМАПаўца, каб той пусціў яе ў аўтазак. Яна сказала: «Пакажыце, што з маім бацькам усё добра». Той адмовіў. Але дзяўчына настаяла і ў рэшце яе ўсё ж такі ўпусцілі ў аўтазак і прывезлі ў Ленінскі РАУС разам з іншымі затрыманымі. Там, у РАУСе на Арцёма, Аляксандра і Майю склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння, але ў ізалятар забралі толькі Арцёма. Майю адпусцілі дадому, бо ў яе малалетняе дзіцяці, а Аляксандра праз яго інваліднасць. Але ж суд іх яшчэ абавязкова паклічуць.

«Гэта нейкі абсурд. Я не разумею, як можна судзіць чалавека за тое, што ён вырашыў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Чаму маю сям’ю збіваў АМАП, а судзяць нас – тых, каго збівалі?» – задае рытарычнае пытанне Майя.

Звычайна людзі хвалююцца, калі іх затрымліваюць ці судзяць, а Аляксандр кажа пра гэтыя падзеі з радасцю. «Быццам камень з душы зваліўся! Нарэшце адзначылі і мяне. Цяпер хоць не сорамна будзе ўнукам у вочы глядзець. Зараз я ўжо магу казаць, што не застаўся ў баку, а таксама зрабіў свой унёсак – мяне пабілі, затрымалі і яшчэ будуць судзіць за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту», – радуецца Аляксандр.

Тым часам суддзя вырашыла вярнуць пратакол па арт. 23.4 адносна Арцёма Афанасьева назад у РАУС на дапрацоўванне і вынесла вырак толькі за ўдзел у акцыі пратэсту. Арцёму Афанасьеву прысудзілі 7 содняў арышту, 3 з іх ён ужо адседзеў.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў