«Салідарныя з Беларуссю». Вялікі канцэрт на «Белсаце»


У суботу, 26 верасня, а 21:00 на арэне стадыёну «PGE Narodowy» ў Варшаве адбудзецца канцэрт «Салідарныя з Беларуссю», у якім прымуць удзел польскія і беларускія зоркі.

Нашыя гледачы змогуць пабачыць гэтую падзею ў эфіры «Белсату» праз спадарожнік, у плэеры на belsat.eu, у прыкладанні для тэлевізараў Belsat Smart, у наўпроставай трансляцыі на YouTube-канале «Белсат NEWS», а таксама ў эфіры польскага тэлеканалу «Polsat».

Бела-чырвоныя колеры стадыёну «PGE Narodowy» ў суботу будуць мець асаблівае значэнне. Польскі сцяг з’явіцца побач з гістарычным беларускім і з гонарам выкажа сваю пазіцыю супраць парушэння правоў чалавека ды прынцыпаў дэмакратыі ў Беларусі.

На сцэне «PGE Narodowy» выступяць самыя вядомыя польскія зоркі са славутымі гітамі. Гжэгаж Маркоўскі і Дарэк Казакевіч з гурта «Perfect», «Chłopcy z Placu Broni», Кшыштаф Цугоўскі, Сэбаст’ян Рыдэль, Наталья Ныкель, Ігар Гэрбут, Mr. Zoob, «Ira», Павэл Дамагала, «Enej», Наталья Застэмпа, «Luxtorpeda», Міхал Шпак, «Ørganek», «Golec uOrkiestra». Лявон Вольскі, «NIZKIZ», Зміцер Вайцюшкевіч і «Петля Пристрастия» рэпрэзентуюць беларускі бок. Артыстаў будзе суправаджаць аркестр пад кіраўніцтвам Томаша Шымуся.

Тыя, хто цяпер знаходзіцца ў Польшчы, могуць прыйсці на стадыён і паслухаць канцэрт жыўцом. Уваход на мерапрыемства магчымы пасля спампавання бясплатнага квітка з сайта www.koncertbialorus.pgenarodowy.pl

Ганаровы патранат над імпрэзаю прыняў на сябе прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Тэлеканал «Polsat» – партнёр і рэалізатар трансляцыі. Галоўныя партнёры: «Bank Gospodarstwa Krajowego», «PKO Bank Polski S.A.», «Totalizator Sportowy sp. z o.o.», партнёры: «PGE Polska Grupa Energetyczna S.A.», PGNiG, «Energa S.A.», «KGHM Polska Miedź S.A.», «Grupa Lotos S.A.», PZU, Польскі фонд развіцця (Polski Fundusz Rozwoju). Іншыя партнёры імпрэзы: фонд «Беларускі дом» і ініцыятыва «Свабодная Беларусь». Медыяпатранат: «Interia». Эфір: «Белсат», «Polsat», «Interia» і «Ipla». Арганізатар усёй імпрэзы – аператар «PGE Narodowy».

Стужка навінаў