Салдат, які выпаў з акна ў Менскай вайсковай частцы, адчувае сябе добра


Андрэй Макаед, салдат 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады ў Менску, які выпаў з 4-га паверху казармы, прыйшоў у сябе. Па словах яго мамы Наталлі, цяпер малады чалавек адчувае сябе добра.

Андрэя знайшлі саслужыўцы 13 красавіка на тэрыторыі вайсковай часткі. Ён выпаў з акна. Хлопца тэрмінова шпіталізавалі ў Галоўны вайсковы медычны клінічны цэнтр Узброеных сілаў. Андрэй знаходзіўся ў рэанімацыі, быў у медыкаментознай коме. Цяпер Андрэй у прытомнасці, з рэанімацыі яго перавялі ў траўматалогію.

«Я бачуся з сынам штодня па два разы на дзень. Цяпер ён адчувае сябе проста выдатна. Медыкі зрабілі проста неверагоднае, яны проста выдатныя, робяць усё, каб паставіць яго на ногі. Я пакуль ні пра што не думаю, толькі пра яго здароўе. Цяпер галоўнае, каб яго выпісалі са шпіталя, а вось ужо пазней будзем змагацца. Есць шмат цікавых звестак, але пакуль пакіну без каментароў», – распавяла «Белсату» Наталля, маці Андрэя Макаеда.

Юнак у войска ўжо не вернецца. Яго тэрмін службы завяршыўся, акрамя таго пасля траўмы медыкі выдалілі юнаку селязёнку і частку падстраўнікавай залозы.

Па факце здарэння з Андрэем Макаедам Следчы камітэт вядзе крымінальную справу паводле артыкулу «Давядзенне асобы да самазабойства ці замаху на яго шляхам жорсткага абыходжання з пацярпелым ці сістэматычнай знявагі яго асабістай годнасці».

Родныя ад каментароў у справе інцыдэнту пакуль адмаўляюцца, спасылаючыся на інтарэсы следства.

«Сістэматычная знявага асабістай годнасці». Салдат, які ўпаў з 4 паверху, хацеў забіцца праз дзедаўшчыну

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары