Сакрэты эканамічнага росту Арменіі, які ў шэсць разоў хутчэйшы, чым у Беларусі


7,6 % у Арменіі ды 1,2 % у Беларусі. Гэта рост валавога ўнутранага прадукту за 2019 г. Армянскі стаў найбольшым у Еўропе і рэгіёне ЕАЭЗ. Сакрэты эканамічнага цуду каментуе Рубэн Мэграб’ян, эксперт Армянскага інстытуту міжнародных дачыненняў і бяспекі. Палітолаг таксама тлумачыць, навошта патрэбны рэферэндум аб Канстытуцыйным судзе, а таксама разважае пра ўнікальную ў гісторыі сітуацыю: суд над двума былымі прэзідэнтамі – Робэртам Качар’янам і Сэржам Саргсьянам.

Мінула два гады пасля рэвалюцыі. Чаму ўлады менавіта цяпер узяліся, калі можна так сказаць, за другога былога прэзідэнта?

Адказ на вашае пытанне – у прававой сферы. Папросту толькі цяпер з’явіліся доказы ў належным аб’ёме для абвінаваўчага рашэння і пераводу пытання ў судовую плашчыню. На гэта спатрэбіўся час – і жыццё паказала, што гэта прыкладна два гады, так.

То бок гэта не звязана з палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца цяпер у Арменіі?

Яны б вельмі хацелі падаць пытанне як палітычнае, што і акурат робяць, але тут абсалютна няма палітыкі. Гаворка ідзе пра арганізацыю крадзяжу дызельнага паліва коштам прыкладна 1 млн долараў. Паводле абвінаваўчага рашэння ўсе факты задакументаваныя.

ВІДЭА
Міністр замежных справаў Арменіі: Ад беларускай зброі гінуць нашыя суайчыннікі
2019.05.19 10:12

Суседзі, не зусім дэмакратычныя лідары, якія назіраюць за тым, што цяпер адбываецца ў Арменіі, – гэта і Ільхам Аліеў, гэта і Аляксандр Лукашэнка, і той жа Уладзімір Пуцін… Што яны могуць думаць, гледзячы на тое, што цяпер робіцца ў вашым судзе?

Вядома, гэта ім стварае моцны дыскамфорт, калі не сказаць, стан ідыясінкразіі. Але тут трэба адрозніваць. Па-першае, Арменія – краіна маленькая, і ў гэтым плане вялікага ўплыву на Расею, ва ўсякім разе на дадзены момант, пакуль зрабіць не можа. У Расеі іншых клопатаў хапае, як і ў расейцаў, – ім не да Арменіі. Хоць прагрэсіўная частка расейскага грамадства заўсёды прыводзіць як прыклад Арменію, кажучы, што, выявілася, гэтак таксама можна. Датычна Беларусі – яна папросту далёка ад Арменіі. У гэтым плане сказаць, што ўплыў працэсаў у Арменіі можа быць вялікім, таксама не выпадае. А што датычыць Аліева, то я магу з усёй адказнасцю сказаць, што ініцыяваныя Аліевым парламенцкія выбары ў Азербайджане (якія, дарэчы, прайшлі папросту ганебна) былі акурат і стымуляваныя тымі працэсамі, што адбыліся ў Арменіі. Так, гэта моцна іх напружвае.

Тое, што адбываецца ў Арменіі, – абсалютна беспрэцэдэнтны выпадак на постсавецкай прасторы, бо ні ў якай іншай краіне на лаве падсудных не сядзелі былыя кіраўнікі дзяржавы.

Гэта так. Наогул за ўсю постсавецкую гісторыю такога яшчэ не было, каб не проста экс-прэзідэнт, а ажно два сядзелі на лаве падсудных з нагоды розных крымінальных справаў. Так, гэтага не было, і ў гэтым Арменія паказала беспрэцэдэнтную сітуацыю.

ВІДЭА
Тыгран Хзмальян: Арменія ў сваёй краіне – нахлебніца
2019.11.03 08:45

Навошта тады менавіта цяпер патрэбны рэферэндум, каб памяняць канстытуцыйных суддзяў?

Канстытуцыя была гэткім касцюмам паводле мерак Сэржа Саргсьяна, які б зрабіў з яго пажыццёвага кіраўніка, прычым фактычна ўзаконіў бы такі статус. То бок ішла поўная азербайджанізацыя Арменіі. Такая вось канстытуцыя мела надаць гэтаму ўжо цалкам законную форму. Тым самым канстытуцыйны суд заканадаўча абгарадзіў сябе такімі пунктамі, што фактычна закрыў усе шляхі магчымасцяў таго, каб заканадаўчая або выканаўчая ўлады маглі паўплываць на кадравы склад. Гэтыя суддзі называлі сябе апошнім бастыёнам. Яны былі скіраваныя на тое, каб лабіяваць інтарэсы былой карупцыйнай сістэмы. І што зрабіў Пашыньян? Ён папросту звярнуўся да народу як да найвышэйшай формы легітымнасці. І фактычна рэферэндум развяжа гэтую спрэчку: з якім канстытуцыйным судом мы маем справу? З законным, добрым, легітымным ці ўсё ж наадварот?

Ці можна казаць, што аксамітная армянская рэвалюцыя акурат скончыцца, і будзе фінальная кропка пасля таго, як адбудзецца гэты рэферэндум, а канстытуцыйны суд, магчыма, зменіцца?

Увогуле гэта вельмі важны этап аксамітнай рэвалюцыі. Не, гэта не канчатковы этап, таму што ўслед за гэтым ужо пачнуцца рэформы ўсёй судовай сістэмы. Будзе зменены судзейскі корпус, прычым на аснове агульнапрынятых крытэраў цэласнасці, integrity. Гэтыя суддзі выносілі загадзя несправядлівыя прысуды, якія яшчэ і аспрэчваліся ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека. Гэтыя суддзі не могуць растлумачыць, адкуль у іх, дапусцім, 10 кватэраў, коштам мільён кожная. І, натуральна, ім няма чаго будзе рабіць у судовай сістэме, бо незалежнасць судоў значыць незалежнасць не толькі ад дзейнай, але і яшчэ ад мінулай, тым больш карумпаванай, улады, вось пра што ідзе гаворка.

7,6 % – ваш прэм’ер-міністр агучыў выключна высокі паказнік Арменіі ў эканамічным росце за мінулы год, ён хваліцца, што вы абагналі практычна ўсе еўрапейскія, еўразійскія краіны. Адкуль гэты эканамічны цуд у Арменіі, і ці адчуваюць яго людзі, вашыя грамадзяне?

Вы працытавалі прэм’ер-міністра. Я яшчэ са свайго боку працытую, што за гэты час каля 1 мільёну чалавек у Арменіі (а ў Арменіі насельніцтва 3 мільёны) павялічылі свае штомесячныя даходы на двухзначны адсотак. То бок гэта медычныя работнікі, пажарныя, леснікі, пенсіянеры, дактары, настаўнікі – усім павысілі заробкі за гэты час. Гэта прыкладна 1 мільён чалавек. Вядома, улічваючы тое, што базавыя паказнікі не цягнуць на еўрапейскі ўзровень, і нават павелічэнне на двухзначны адсотак не значыць, што мы будзем жыць, як сярэднееўрапейская краіна.

Якая прычына гэтага поспеху? Прайшоў толькі год пасля рэвалюцыі, то бок мы кажам пра 2019 год. Чаму менавіта такі эканамічны бум?

Бо ў Арменіі дэмантаваная цэнтралізаваная вертыкальна інтэграваная карумпаваная сістэма. Гэта, скажам так, эфект разняволення эканамічнай дзейнасці нацыі. Мы ўжо бачым, што вынікі проста відавочныя.

Фота на прэв’ю: Alexei Druzhinin/TASS/Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 28.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

 

Стужка навінаў