Сакратар Савету бяспекі Беларусі: працаваць «па паняццях» недапушчальна


Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі распавёў пра наступства нарады 20 жніўня, калі Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў сілавікоў.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, на сустрэчы з Лукашэнкам 4 верасня Зась распавёў, што пасля нарады па пытаннях працы праваахоўных органаў асноўныя ўстаноўкі і патрабаванні, якія там прагучалі, былі даведзены да выканаўцаў па ўсёй вертыкалі ўлады ў вуснай і пісьмовай формах.

«Пайшлі зрухі і карэктаванне ў дзейнасці ўсіх праваахоўных органаў. Гэта не пустыя словы. Тыя пасылы, якія мы пачулі на нарадзе, арыентыроўкі, заўвагі, яны былі даведзены па ўсёй вертыкалі, кожнаму міністэрству», – растлумачыў Зась.

Потым у размове з журналістам Зась удакладніў патрабаванні да сілавікоў:

«Кожны працаўнік сілавога ведамства павінен пачуць дакладны сігнал: працаваць, ігнаруючы прынятыя правілы, законы, нельга. Працаваць «па паняццях», як табе зручна і хочацца, недапушчальна. Ёсць пэўныя рамкі, усе павінны іх прытрымлівацца. І перш за ўсё, людзі, якія носяць пагоны».

Нагадаем, 20 жніўня Лукашэнка правёў нараду з сілавікамі, дзе жорстка асудзіў злоўжыванні ў праваахоўных органах. «Некаторыя прыбурэлі і абарзелі ў пагонах да таго, што яны не проста не павінны іх насіць гэтыя пагоны, павінны быць выключаныя з нашага грамадства», – заявіў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў