Сакратар ЦВК: Хацелася б, каб апазіцыя больш актыўна ўключалася ў падрыхтоўку да выбараў


Прадстаўнікі дзейных уладаў дастаткова актыўна працуюць над падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў, чаго не скажаш аб апазіцыі, выказаўся сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік, каментуючы БелаПАНу падрыхтоўку да выбарчай кампаніі.

Паводле ягоных слоў, улады сёння надаюць асаблівую ўвагу працы з насельніцтвам. «Актывізаваліся органы прадстаўнічых уладаў у плане прыёму грамадзянаў, вывучэння і задавальнення іх патрэбаў. Гэта сведчыць пра тое, што ўлады стараюцца падысці да выбараў з мінімальным наборам усялякіх нявырашаных праблемаў», – адзначыў Лазавік.

«І гэта правільна, – падкрэсліў ён. – Бо, калі сёння не займацца вырашэннем пытанняў грамадзянаў, якія яны ставяць, можа сабрацца крытычная маса, і яна выкліча незадавальненне. Таму трэба паступова працаваць, вывучаць меркаванне людзей, старацца задаволіць іх патрэбы».

Паводле слоў сакратара ЦВК, такія грамадскія арганізацыі, як «Белая Русь» і «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «дастаткова актыўна займаюцца падрыхтоўкай да выбараў, працуюць са сваім актывам, праводзяць інструктыўныя нарады».

«Што да апазіцыйных арганізацыяў і партый, то, магчыма, яны штосьці і робяць, але інфармацыя пра гэта да нас не даходзіць», – дадаў сакратар ЦВК.

Пры гэтым Лазавіку вядома, што ў апазіцыі «вялікія рознагалоссі па кандыдатуры адзінага, па якой ніяк не могуць дамовіцца». «Гэта сведчыць пра раз’яднанасць апазіцыйных сіл. Нам хацелася б, каб і прадстаўнікі апазіцыі больш актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў», – заявіў сакратар ЦВК.

«Выбары для выбарнікаў тады робяцца цікавымі, калі агучваюцца розныя пункты гледжання, калі ў іх удзельнічаюць розныя палітычныя сілы. Калі напал перадвыбарнай барацьбы будзе больш высокі, значыць, можна разлічваць і на больш актыўны ўдзел выбарнікаў», – адзначыў Лазавік.

Цяпер, паводле ягоных слоў, ЦВК і яе апарат рыхтуюць усе неабходныя да выбараў дакументы: метадычныя рэкамендацыі для ўчастковых і тэрытарыяльных камісій, сцэнарыі трэнінгаў чальцоў выбарчых камісій, памяткі для кандыдатаў у прэзідэнты. Калі парламент прыме рашэнне аб прызначэнні даты выбараў, асноўная маса дакументаў будзе ўжо падрыхтаваная, паведаміў Лазавік.

«Для ЦВК, як арганізатараў выбараў, вельмі адчуваецца набліжэнне выбарчай кампаніі. Мы ведаем, што восенню маюць адбыцца выбары, і да гэтага часу ў нас усё мусіць быць гатова. Калі мы штосьці новае задумалі ўкараніць, у прыватнасці стварыць умовы для галасавання на ўчастках інвалідам па зроку, то сёння неабходна падрыхтаваць тэхналогію яго правядзення, падрыхтаваць неабходныя матэрыялы і дакументы. Кожны дзень мы жывем падрыхтоўкай да выбараў», – падкрэсліў сакратар ЦВК.

У якасці найбольш верагоднай даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў называлася 15 лістапада 2015 года.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў