Сайт прафсаюзу РЭП знішчаны праз «аварыйнае адключэнне электрычнасці»


Сайт незалежнага прафсаюзу РЭП praca-by.info амаль цалкам знішчаны падчас «аварыйнага адключэння электрычнасці», паведамляе афіцыйная старонка прафсаюзу ў Facebook’у.

Тэхнічная служба хостэра «CoolServe Corporation», якая адказвала за захоўванне дадзеных сайту, заявіла пра сурʼёзныя пашкоджанні базы дадзеных, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы прафсаюзу.

Таксама РЭП адзначае, што праблемы з доступам да сайта пачаліся яшчэ 1 снежня.

«Я б мог зразумець экстранае адключэнне электрычнасці ў глухім калгасе «40 гадоў без ураджаю». Але ўявіць падобнае ў Менску, дзе знаходзіцца тэхнічная служба, якая абавязана мець на такія выпадкі запасны генератар, для мяне немагчыма. Гэта больш нагадвае спланаваную дыверсію. Тым больш, што хостэр так і не назваў, хто яшчэ пазбавіўся сваіх сайтаў», – заявіў лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Генадзь Фядыніч паабяцаў, што цяпер вядзецца праца па стварэнню новага сайту.

Летась суд Савецкага раёну Менску пакараў кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка 4 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, прызнаўшы іх вінаватымі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Праваабаронцы лічаць пераслед Фядыніча і Комліка палітычна матываваным. Напрыканцы лістапада стала вядома, што Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік патрапілі пад дзеянне закона аб амністыі.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў