Сачыце за ваўкамі. Хто і навошта адлоўлівае драпежнікаў на Альманах

ВІДЭА

Воўк. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

З падачы эколагаў ваўкі з Белавежскай пушчы сталіся публічнымі персонамі. Больш за тое, сачыць за імі можна не толькі ў лесе, але і онлайн. Героі вандруюць (не толькі па беларускіх лясах), палююць і спрабуюць падмануць леснікоў.

Штогод з надыходам зімы разгараецца дыскусія пра ваўкоў у беларускім грамадстве. Рэч у тым, што ўзімку праз нястачу корму ваўкі могуць наведвацца ў вёскі і палохаць мясцовых. Міністэрства лясной гаспадаркі разумее вяскоўцаў і адстойвае пазіцыю змяншэння папуляцыі драпежнікаў. І гэта пры тым, што, паводле звестак таго ж ведамства, летась паляўнічыя здабылі амаль 96 % ад усёй колькасці ваўкоў у краіне – 1614. Пазіцыі вынішчэння ваўкоў падтрымліваюць і егеры на месцах. Для параўнання: колькасць зуброў асноўнага генафонду – 1423. Аднак паводле біёлагаў, звесткі пра напады ваўкоў на хатніх жывёлінаў у вёсках значна перабольшаныя.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«АПБ адмыслова правярала амаль усе скандальныя здарэнні, і толькі ў асобных выпадках гэта сапраўды былі ваўкі, а ажыятаж можна было лічыць абгрунтаваным. Часцей, гэта не ваўкі, а сабакі», – кажа каардынатар прыродаахоўнага праекту для Белавежскай пушчы Віктар Фянчук. Дарэчы, эксперты пацвердзілі, што слонімская чупакабра была звычайным сабакам.

«Мы ніколі воўка не прапускаем, гэта нашая праца, справа гонару воўка знішчыць. Мы ведаем, колькі ён шкоды прыносіць. Канечне, ёсць воўк, і трэба яго біць», – кажа галоўны паляўніцтвазнаўца Смаргонскага лясгасу Юрый Макарэвіч.

Біёлагі прачынаюцца ў 6.30 раніцы штодня. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Навукоўцы не спяшаюцца згаджацца з пазіцыяй паляўнічых і звяртаюць увагу: перш як пазбаўляцца драпежніка, варта дасканала вывучыць яго. Дзеля гэтага і былі распачатыя ў 2015 годзе даследаванні ваўка ў Белавежскай пушчы. Адмыслоўцы грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры падтрыманні Франкфурцкага заалагічнага таварыства за тры гады адлавілі і пазначылі ашыйнікамі 10 ваўкоў. Цяпер драпежнікаў адлоўліваюць і на Альманскіх балотах.

Як адлоўліваюць ваўкоў на Альманскіх балотах

Пасля таго, як адмыслоўцы павесяць на ваўка GPS-ашыйнік і адпусцяць, за ўсімі пазначанымі асобінамі можна будзе сачыць. Аброжак дасылае каардынаты перабывання, а навукоўцы будуць хадзіць па ягоных слядах. Такім чынам працаўнікі высвятляюць, чым харчаваўся і як бавіў час звер. Праз год ашыйнік аўтаматычна адваліцца.

Лапы воўка фіксуюць мяккімі рамянямі. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Біёлагі праглядаюць маршруты чыпаваных ваўкоў. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Праект можа дапамагчы эколагам у спрэчцы з Міністэрствам лясной гаспадаркі, работнікі якога настойваюць на знішчэнні драпежнікаў, бо ваўкі палююць на ласёў і аленяў, а гэта галоўныя трафеі для паляўнічых. Эколагі маюць намер вылічыць, колькі насамрэч воўк з’ядае ласёў ды аленяў за год і ці сапраўды ён шкодны для лясной гаспадаркі.

Біёлаг Мікалай Чэркас. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Каманда біёлагаў. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Біёлаг Настасся Кузьменкова. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сачыць за ваўкамі можна тут.

НР, фота Ірыны Арахоўскай, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары