«Ты выразай, калі што. Ты ж умееш»: Лукашэнка падкалоў расейскага прапагандыста


Аляксандр Лукашэнка даў вялікае інтэрв’ю намесніку кіраўніка тэлеканалу «Россия 1» Сяргею Брылёву. Урывак інтэрвʼю 1 снежня апублікавалі на vesti.ru.

У апублікаванай частцы інтэрвʼю гаворка ішла пра перспектывы Еўразійскага саюзу і спробы перацягнуць Беларусь на бок Захаду.

«У Цэнтральнай Азіі свае інтарэсы. Я ведаю, пра што кажу. Бачыце, што ва Украіне адбываецца. І да Беларусі дабраліся. Нас ужо ледзь не ў NATO гатовыя ўзяць, толькі, вядома, каб улада памянялася, дэмакратыі пабольш і яшчэ чагосьці. Раней пра гэта не казалі. Ідзе барацьба. І пры гэтым адзін з кірункаў – калі нахіляюць Расею, спрабуюць апусціць», – мяркуе кіраўнік Беларусі.

«Які маналог!», – з захапленнем пракаментаваў Брылёў. «Ты выразай, калі што. Ты ж умееш», – парыраваў камплімент Лукашэнка.

Паводле кіраўніка Беларусі, Захад цяпер спрабуе «нас» падзяліць, маючы на ўвазе постсавецкія краіны. А галоўная праблема інтэграцыі – у галовах.

«Гэта таксама барацьба за Расею. Гэта будзе няпроста, таму нам трэба мазгі сабраць да кучы, паставіць мэту і ісці да яе. І мы гэта можам зрабіць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На мінулым тыдні Сяргей Брылёў стаў героем чарговага расследавання Аляксея Навальнага, прысвечанага расейскім прапагандыстам.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў