«Сабакі твае яшчэ не зніклі? Гэта да пары». Шматдзетную маці ў Жлобіне запалохваюць за ўдзел у пратэстах


У жыхаркі Жлобіна Надзеі чацвёра дзяцей. Пасля выбараў 9 жніўня яна разам з каляжанкамі перыядычна ўдзельнічала ў акцыях супраць гвалту сілавікоў, за што цяпер ёй прызначаны суд. Жанчына расказала belsat.eu пра метады запалохвання, якія выкарыстоўваюць мясцовыя праваахоўнікі.

Надзея хадзіла на маршы, ланцугі салідарнасці ды сустрэчы з кіраўніцтвам гораду. 24 жніўня пасля 21-й гадзіны вечара да яе завітаў участковы мікрараёну № 3. Ён прынёс пратакол, складзены 19 жніўня без ведама Надзеі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«Ён хацеў тлумачэння, што я рабіла на акцыі, нібыта меў відэапацверджанне. Спытаў, ці я нешта выкрыквала і як я ацэньваю рух супраць уладаў. Я сказала, што падтрымліваю. З пратаколам я не пагадзілася. Сказаў чакаць позвы ў суд».

На маршы Міру і Незалежнасці ў Менску, Беларусь. У краіне ўжо 22 дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 30 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Чарговая маштабная акцыя – Марш салідарнасці – праходзіў у Жлобіне 31 жніўня. Жанчына таксама збіралася туды ісці. Раніцай яна паехала на лецішча пакарміць сабакаў і дзвюх ліс, якіх утрымлівае на падворку. У гэты час да дому Надзеі прыйшлі невядомыя. Яны грукалі ў дзверы і змушалі няпоўнагадовых дзяцей адчыніць. Старэйшы сын Надзеі дзверы незнаёмцам адчыніў, але сказаў, дзе знайсці маці. У выніку міліцыянт і Надзея размінуліся.

«Калі ён паехаў на лецішча, я ўжо вярнулася дадому. Пазней выехала ў горад, пазваніла так званаму ўчастковаму, які назваўся Аляксандрам, паводзіў сябе па-хамску. Я сказала, што ні на якую размову без позвы не пайду, бо людзі ў гэткі спосаб знікаюць. На што ён адказаў запалохваннем: маўляў, а лісы і сабакі ў цябе яшчэ не знікаюць? Гэта да пары. І што людзі, калі ім трэба знікнуць, знікаюць, не даязджаючы да яго».

Жанчына правярала на старонцы аддзялення міліцыі – там няма ўчастковага з імем Аляксандр.

Надзея кажа, што гэткія візіты перад мітынгамі да найбольш актыўных грамадзянаў – цяпер звычайная практыка для праваахоўнікаў. Супрацоўнікі ў цывільным прыходзяць затрымліваць актывістаў проста з самой раніцы перад пратэстам, каб тыя не выйшлі на вуліцу.

«Яны літаральна выцягваюць з ложка. Гэтак хацелі затрымаць мяне на час мітынгу, бо, падобна, прыходзілі і да іншых удзельніц ланцугоў салідарнасці. Каля 20 чалавек затрымлівалі, без пратаколаў трымалі да вечара і адпускалі. За дзень да мяне дзяўчыне таксама званіў нехта безыменны, пагражаў пратаколам, што затрымаюць на 72 гадзіны, а ейных дзяцей перададуць у спецыяльны пакой пры паліклініцы, дзе застаюцца дзеці-адмоўнікі».

Кур’ёз двух мітынгаў у тым самым месцы – адзін за Лукашэнку, другі – супраць

Надзея распавядае, як судзяць удзельнікаў пратэстаў, не маючы доказаў удзелу ў іх. 29 жніўня такі суд адбыўся над валанцёркай праваабарончага цэнтру «Вясна» Крысцінай. Дзяўчына збірала кантакты людзей, пацярпелых ад гвалту міліцыянтаў. Яе затрымалі 24 жніўня, спрабуючы скласці пратакол за акцыю 19 жніўня, аднак відэапацверджання не знайшлі.

Hавiны
ByHelp: Хто можа падавацца і калі чакаць дапамогі?
2020.09.01 08:51

«У размове яна згадала, што раздавала лістоўкі на мітынгу каля Палацу культуры металургаў 20 жніўня. Рэч у тым, што там праходзіў дазволены мітынг за Аляксандра Лукашэнку. Там было ўсё кіраўніцтва гораду. Яны крычалі «За бацьку», каб людзі не разыходзіліся. Відавочная правакацыя. Пасля на судзе адзін з міліцыянтаў-сведкаў сказаў, што ў той дзень не было ніводнага санкцыянаванага мітынгу, ніхто ніякіх дакументаў на правядзенне не падаваў. Суддзя паказаў фатаграфіі з тварамі мясцовых уладаў і пытаннем, ці ўсё гэта ўдзельнікі несанкцыянаванага мітынгу? Той разгубіўся і сказаў, што каментаваць не будзе. Пасля ў пратаколе ягоныя сведчанні проста памянялі».

Судзіць Надзею за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» будуць 8 верасня.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў