Сабакі і Дзяды Марозы: у Горадні прайшоў незвычайны парад


Напярэдадні года жоўтай земляной сабакі Дзяды Марозы і Снягуркі прайшліся па горадзе ў суправаджэнні сабачак розных парод.

Як штогод, на галоўнай плошчы гораду сабралася каля дзвухсот Дзедаў Марозаў і Снягурак. Аднак упершыню ўдзел у перадсвяточным шэсці ўзялі чальцы клубу аматараў сабак. Тысячы гарадзенцаў разам з вазочкамі і маленькімі дзеткамі, не зважаючы на дождж і паскуднае надвор’е сабраліся падзівіцца на казачных дзядуль з барадой, снягурак і хатніх улюбёнцаў.

Каля пяцідзесяці хатніх сабак ішлі на чале шэсця. Аднаго Дзеда Мароза везлі на санях тры моцныя хаскі.

Дзяды Марозы са Снягуркамі віншавалі гарадзенцаў з надыходзячым Новым годам.

У часе шэсця ў горадзе запалілі дзве галоўныя ялінкі. Аднак пасля таго, як загарэлася каляровымі агеньчыкамі ялінка на плошчы Леніна, раптам адключыўся гук, таму ўдзельнікі на кароткі час засталіся без музычнага суправаджэння.

Акрамя стварэння святочнага настрою, мэтай мерапрыемства было прыцягнуць увагу да жывёлаў, якія ўтрымліваюцца ў прытулках. Для іх збіраліся корм, падсцілкі ды іншыя карысныя рэчы.

Глядзіце таксама:

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў