«Сабак паліваюць вадой і паляць токам». Чаму гвалт над жывёламі ў Беларусі – гэта норма?


У Лагойску мужчына на вачах дзяцей парэзаў сабаку, у Гомелі п’яны выкінуў сабаку з балкона шматпавярхоўкі, жыхар Любані раскрыжаваў ката на крыжы – такія гісторыі ўражваюць, але ўжо не здзіўляюць. Гвалт над жывёламі быў заўсёды, але дзякуючы сацыяльным сеткам і СМІ зараз можна ацаніць увесь маштаб праблемы.

У Беларусі няма закона, які мог бы абараніць жывёл. У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях ёсць артыкул 15.45 «Жорсткае абыходжанне з жывёламі», які за жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, а роўна катаванне жывёл прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. З 2015 года пачала дзейнічаць ч. 1 артыкула 339 КК РБ. Гэта ўжо крымінальная адказнасць, але ўсё роўна даволі мяккая. Гэты артыкул прадугледжвае грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы ці арышт.

Калі ж скуралупа прыцягваюць паўторна, то толькі тады з’яўляецца магчымасць абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да аднаго года. У чым розніца і як кваліфікаваць злачынства? Крымінальная адказнасць можа пагражаць толькі ў тым выпадку, калі злачынства здзейснена з хуліганскіх, карыслівых ці іншых нізкіх намераў альбо ў прысутнасці заведама малалетняга.

Смерць сабакі Мармышкі і суд над лаўцом

1 верасня 2016 года. У сталічны мікрараён Сухарава па заяўцы старшыні таварыства ўласнікаў дома прыязджаюць супрацоўнікі службы адлову. У двары бегае сабака. Дзмітрый Кранцевіч дастае стрэльбу і страляе ў яго, сабака падае, б’ецца ў канвульсіях. Лавец падыходзіць бліжэй і другім стрэлам дабівае жывёлу. Яго напарнік хапае цела сабакі і закідвае ў фургон. У судзе Кранцевіч сцвярджаў, што ніхто сабаку не забіваў, ён наогул ўцёк. Магчыма, яму б паверылі, калі б мясцовыя жыхары не паказалі запісы з камеры відэаназірання, дзе быў зафіксаваны момант забойства сабакі Мармышкі. За жорсткае абыходжанне з жывёламі Дзмітрый Кранцевіч атрымаў штраф 11 базавых велічынь.

Прыцягнуць да адказнасці лаўца атрымалася толькі дзякуючы суладным дзеянням мясцовых жыхароў і абаронцаў жывёл. Гэты выпадак хутчэй выключэнне, чым правіла. Вядома, некаторыя атрымліваюць не штрафы, а пазбаўляюцца свабоды, але гэта не вынік дзеяння артыкула аб жорсткім абыходжанні з жывёламі.

«Такія рашэнні выносяцца па сукупнасці. Звычайна злачынства здзяйсняецца ў прысутнасці малалетніх ці ў публічным месцы, што ўжо расцэньваецца як хуліганства. І вось за гэта хуліганства, вядома, надыходзіць ужо большая адказнасць, чым толькі за жорсткае абыходжанне з жывёламі», кажа юрыст і заснавальнік зоаабарончай арганізацыі «Анималекс» Анастасія Жаўрыд.

Закон, якога няма

Анастасія Жаўрыд. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

З 2002 года ў Беларусі спрабуюць прыняць закон аб абыходжанні з жывёламі. Прайшло 16 гадоў, закону ўсё яшчэ няма, усе спробы яго прыняць сканчаюцца адпраўленнем дакумента на дапрацоўку. Многія зоаабаронцы кажуць, што лепш без закона, чым прымаць яго ў такім выглядзе, як цяпер. Мноства пытанняў адносна ўтрымання жывёлаў не рэгулюецца гэтым законам, а некаторыя яго пункты трактуюць ўсе групы жывёлаў на адзін капыл.

Справа ў тым, што закон аб абароне жывёлаў будзе тычыцца не толькі хатніх жывёлаў – тут ў гульню ўступаюць і Мінсельгасхарч, і Мінпрыроды, і Міністэрства аховы здароўя. У кожнага свае інтарэсы.

«Мінпрыроды наогул не зацікаўлена ні ў якой абароне. Чым займаецца Мінпрыроды? Яно раздае ліцэнзіі на паляванне і рыбалку. Ім наогул усё роўна, што адбываецца з дзікімі жывёламі», – адзначае Анастасія.

Яна прыводзіць прыклад, калі ў адзін са сталічных рэстаранаў прывезлі тыгра. Калі пачалі высвятляць, аказалася, што ў жывёлы няма неабходных дакументаў. Мінпрыроды вынесла папярэджанне, але пакуль яны яго выносілі, жывёлу вывезлі з Беларусі і што з ёю было далей – невядома.

Усе выпадкі выключныя?

Права на адлоў жывёлаў манапалізавана дзяржавай. Пры Міністэрстве ЖКГ створаны службы адлову, якія займаюцца праблемай бяздомных жывёлаў на вуліцах. Грошы на адлоў выдзяляюцца з дзяржаўнага бюджэту.

Зоаабаронцы спрабавалі даведацца, якія сумы на гэта траціць ЖКГ, але камунальнікі не асабліва ахвотна дзеляцца такой інфармацыяй. У той жа час, яны лічаць сябе камерцыйнай арганізацыяй, атрымліваецца, што яны вядуць камерцыйную дзейнасць. Толькі ці рэнтабельная такая дзейнасць? Жывёлаў на вуліцах менш не становіцца, яны ўсё роўна размнажаюцца, да іх дадаюцца і выкінутыя уладальнікамі каты і сабакі. Але адлоў працягвае асвойваць дзяржаўны бюджэт.

Лавец рыхтуецца да стрэлу. Праз хвіліну сабакі не стане. Фота: VK групы «Не» адстрэлу ў Салігорску!»

9 жніўня 2017 года. Салігорск. На вачах у людзей супрацоўнік мясцовага адлову страляе шпрыцом у бяздомнага сабаку. Сабака кідаецца на лаўца, ён адбіваецца стрэльбай. Сабака супакойваецца і садзіцца. Лавец робіць другі стрэл, сабака падае на зямлю і пачынае біцца ў канвульсіях.

«Ёсць дапушчэння ў заканадаўстве, што ў выключных выпадках сабакі падлягаюць адстрэлу, але нідзе не сказана, што такое выключны выпадак. На справе мы атрымліваем, што выключны выпадак – гэта адсутнасць пункту часовага ўтрымання», – тлумачыць Анастасія.

Анастасія адзначае, што пад адстрэл могуць патрапіць і хатнія жывёлы. Як прыклад яна прыводзіць выпадак, калі лаўцы застрэлілі ёркшырскага тэр’ера, які бег за сваіх гаспадаром.

У той жа час у органаў ЖКГ нідзе не прапісаны абавязак ствараць пункты часовага ўтрымання. У тым жа Салігорску пасля забойства сабакі мясцовыя жыхары і зоаабаронцы прасілі гарадскія ўлады спыніць адстрэл і стварыць пункт часовага ўтрымання, яны былі гатовыя паспрыяць фінансава, пад зваротам падпісалася 1600 чалавек. У выканкаме адказалі, што стварэнне пункта часовага ўтрыманьня не плануецца, а падстаў для адмены адстрэлу не маецца. Кола замкнулася.

Чаму сабакі паміраюць у пакутах?

Супрацоўнікі ЖКГ кінулі гэтага сабаку паміраць ў кантэйнеры для смецця. Фота: скрыншот з відэа Максіма Гарды

Люты 2017 года. Лунінец. У цэнтры горада лаўцы адстрэльваюць сабак. Журналіст мясцовага выдання «Медиа-Полесье» Максім Гарда выбягае з хаты, каб прасачыць за лаўцамі. Машыну ЖКГ ён знаходзіць каля смеццевых кантэйнераў, куды лаўцы выкінулі падстрэленых сабак. Адзін з іх быў яшчэ жыва. Максім дастаў яго з кантэйнера і паспрабаваў выцягнуць дроцік з атрутай, але сабака ўцёк.

У дроціку змяшчаецца яд дытылін, які выклікае параліч шкілетнай і дыхальнай мускулатуры.

«Дытылін у нас адзін час быў забаронены, а потым яго нейкім чынам дазволілі, але нікому пра гэта не сказалі. Калі пачалі біць трывогу, што сабакі задыхаюцца, вельмі туманныя былі адказы, што лаўцы працуюць з дазволенымі прэпаратамі, пры гэтым назвы не ўказвалі. А цяпер яны ўжо нават не саромеюцца і кажуць: так, гэта дытылін. Для чалавека гэты прэпарат таксама небяспечны, ён выклікае сапраўды такія ж рэакцыі, толькі пытанне ў дазоўцы», – распавядае Анастасія.

Калі сабак адстрэльваюць сярод белага дня, ніхто не можа даць гарантыі, што дроцік не патрапіць у выпадковага чалавека. Ужо была сітуацыя, калі шрот, якім адстрэльвалі сабак, трапіў ў акно дома, дзе спала маленькае дзіця.

У гарадах, дзе ёсць пункты часовага ўтрымання, забойства сабак адбываецца таксама далёка не гуманнымі спосабамі.

«У Гомлі сабак абліваюць вадой і паляць токам, а ў Берасці іх адстрэльвалі, па меншай меры, так было ў 2015-2016 гадах», – кажа Анастасія.

Вяртаючыся да выкінутых у Лунінцы ў кантэйнер сабак – парушэнне было не толькі ў тым, што іх стралялі на вачах у мінакоў, але і ў тым, куды іх вывезлі. Па правілах трупы жывёлаў трэба вывозіць на жывёльныя могільнікі, дзе іх хаваюць і пасыпаюцца спецыяльным хімічным рэчывам.

Сабака, якога выцягнулі з жывёльнага могільніка. Фота: egida.by

Улетку 2017 года зоаабаронцам паведамілі, што ў Лагойскім раёне ў адзін з жывёльных могiльнiкаў скінулі двух жывых шчанюкоў. Валанцёры прыехалі і дасталі сабак, адзін практычна адразу памер, другога ўдалося выратаваць. Таго, хто выкінуў сабак, знайсці не ўдалося.

Асцярожна! Відэа змяшчае шакіруючыя кадры

Адсутнасць прадуманага закона аб абароне жывёлаў і дзяржаўных праграм, якія дапамаглі б вырашыць хаця б частку праблем, якія тычацца бяздомных сабак і катоў, спараджае вось такія жудасныя выпадкі гвалту над безабароннымі істотамі. Але праблема не толькі ў неэфектыўнасці дзяржаўных інструментаў, велізарная частка жывёлаў застаецца на вуліцы альбо гіне толькі з-за наплявальніцкага стаўлення сваіх гаспадароў або жорсткасці навакольных. Пра гэта чытайце ў працяг тэмы – інтэрв’ю з юрысткай, зоаабаронцай і заснавальніцай арганізацыі «Анималекс» Анастасіяй Жаўрыд, неўзабаве на belsat.eu.

ГА/АА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары