Саакашвілі распавёў, як Лукашэнка аднойчы пажартаваў над Пуціным


Экс-прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі ў новым дакументальным фільме BBC пра Уладзіміра Пуціна распавядае, што ў 2006 годзе падчас размовы ў Менску пасля саміту СНД Аляксандр Лукашэнка пры Пуціне жартаваў, каб Саакашвілі нічога ня еў у Лондане.

Дыялог адбыўся неўзабаве пасля забойства ў Вялікай Брытаніі экс-супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі (ён быў атручаны палоніем у адным з лонданскіх сушы-бараў). Брытанскія ўлады прыйшлі да высновы, што забойства здзейснілі расейскія спецслужбы.

Пасля саміту ў Менску Саакашвілі расказаў, што збіраецца ў Лондан на сустрэчу з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі.

«Пуцін сядзеў пасярэдзіне, я справа ад яго, а Лукашэнка злева. Лукашэнка мае звычку час ад часу дражніць Пуціна. І ён сказаў: Міша, ты едзеш у Лондан, трэба наядацца тут, бо ў Лондане я б ня раіў нічога есці. Асабліва ня раю есці сушы, нават і блізка не падыходзь. І дадаў, што самая бяспечная ежа – на талерцы ў Уладзіміра Ўладзіміравіча, тут дакладна не атруцішся. І пераставіў талерку Пуціна да мяне», – распавёў экс-прэзідэнт Грузіі.

Паводле Саакашвілі, гэты жарт вельмі раззлаваў Пуціна – той выраніў відэлец і заявіў, што не мае ніякага дачынення да забойства Літвіненкі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў