Медыі: Саакашвілі на тры гады забаранілі ўезд ва Украіну


Начальнік Мастыскага памежнага атраду прыняў рашэнне аб забароне экс-прэзідэнту Грузіі Міхэілу Саакашвілі ўезд ва Украіну да 13 лютага 2021 года.

У адказе першага намесніка кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Васіля Сервацюка на запыт адвакатаў Саакашвілі, пазначана, што Адміністрацыя Дзяржаўнай памежнай службы лічыць дадзенае рашэнне цалкам адпаведным патрабаванням дзеючага заканадаўства краіны. Адказ агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» прадаставіў абаронца палітыка Руслан Чарналуцкі.

Ведамства адзначае, што 12 лютага была ажыццёўленая «рэадмісія Міхэаіла Саакашвілі паводле стандартнай працэдуры», паколькі ён незаконна знаходзіўся на тэрыторыі Украіны пасля рашэнняў судоў.

Руслан Чарналуцкі адзначыў, што абарона Саакашвілі лічыць такое рашэнне незаконным і мае намер яго абскардзіць.

У ліпені 2017 года прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка сваім указам пазбавіў Міхэіла Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства, калі той знаходзіўся ў ЗША.

10 верасня 2017 года Саакашвілі перасёк польска-ўкраінскую мяжу ў асяроддзі сваіх прыхільнікаў, гэта суправаджалася супрацьстаяннем з памежнікамі і праваахоўнікамі.

22 верасня 2017 года Мастыскі раённы суд Львоўскай вобласці прызнаў Саакашвілі вінаватым у незаконным перасячэнні мяжы Украіны. Ужо 3 студзеня 2018 года Акруговы адміністрацыйны суд Кіева адмовіў Саакашвілі ў пазове да ўпраўлення Дзяржаўнай міграцыйнай службы ў Кіеўскай вобласці з-за адмовы ў прадастаўленні яму статусу асобы, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне.

5 лютага Кіеўскі апеляцыйны адміністрацыйны суд (КААС) пацвердзіў гэтае рашэнне, але 6 лютага абарона Міхэіла Саакашвілі падала касацыю на рашэнне КААС у Касацыйны адміністрацыйны суд. Адвакат Чарналуцкі падкрэсліваў, што да завяршэння ўсіх судовых працэсаў у дачыненні да статусу Міхэіла Саакашвілі ўлады не маюць ніякіх падставаў для экстрадыцыі або выправаджэння яго з Украіны.

12 лютага М.Саакашвілі затрымалі ў рэстаране «Сулугуні» у цэнтры Кіева, пасля чаго даставілі ў аэрапорт «Барыспаль» і адправілі на самалёце ў Польшчу.

У МУС Украіны адзначылі, што ў адпаведнасці з ужо прынятымі судовымі рашэннямі Міхэіл Саакашвілі знаходзіўся на тэрыторыі Украіны незаконна, а таму з «выкананнем усіх юрыдычных фармальнасцяў быў вернуты ў краіну, адкуль прыбыў, парушаючы айчыннае заканадаўства».

НМ, belsat.eu, фотаздымак са старонкі ў «Фэйсбуку» Міхэіла Саакашвілі

Стужка навінаў