Са старымі абяцаннямі ў новую пяцігодку


Падвоіць экспарт на новыя рынкі, а золатавалютныя рэзервы краіны, ажно патроіць. Даходы насельніцтва павялічыць прынамсі на 10%, а інфляцыю, наадварот, знізіць утрая. Гэткую вельмі аптымістычную праграму ўраду на будучую пяцігодку ўхваліла на сваім паседжанні Палата прадстаўнікоў.

Са старымі абяцаннямі ў новую пяцігодку. Сёння прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў прэзентаваў палаце прадстаўнікоў праграму дзеянняў ураду на 2016-2020 гады.

Дагнаць і перагнаць сусветныя тэмпы эканамічнага росту, інфляцыю знізіць да 5%, прычым, без ніякіх болей валютных узрушэнняў. Амбітныя пяцігадовыя планы, невыканальныя нават на паперы, нягледзячы ні на якія прыпіскі, аналітыкі параўноўваюць з памятнымі метадамі КПСС.

ВАДЗІМ ІОСУБ, СТАРЭЙШЫ АНАЛІТЫК АЛЬПАРЫ:

«Цяпер урад працягвае прыдумляць планы на 5 гадоў наперад. Прыдумляць якія галіны будуць вядучымі, якая галіна колькі працэнтаў будзе займаць у ВУП, і можна з упэўненасцю сказаць, што любы падобны прагноз праваліцца, памылкі будзе аплочваць насельніцтва».

Якім чынам прагнозныя лічбы ўлады збіраюцца выконваць і што перашкаджала зрабіць гэта ўжо цяпер мы спыталіся ў дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Юрыя Драгакупеца.

ЮРЫ ДРАГАКУПЕЦ, ДЭПУТАТ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ:

«Асноўны партнёр у нас гэта – Расея і асноўныя рынкі збыту знаходзяцца там. Таму менавіта тут таксама робіцца момант на павелічэнне, зʼяўленне новых рынкаў збыту нашай прадукцыі».

Іншымі словамі, у новай пяцігодцы беларуская эканоміка павінна атрымаць новы імпульс за кошт прарыву на новыя рынкі збыту. Штопраўда, гэткая ж задача ставілася і на мінулую пяцігодку. Гэткім чынам за 2011-2015 гады, урад збіраўся павялічыць валавы ўнутраны прадукт нашай краіны на дзве траціны. Вынік атрымаўся ў дзесяць разоў сціплейшы.

ВАДЗІМ ІОСУБ, СТАРЭЙШЫ АНАЛІТЫК АЛЬПАРЫ:

«Асноўная памылка – дзейная мадэль эканомікі, якая асноўваецца на дзяржаўнай уласнасці… адмаўляцца ад гэтага ніхто не збіраецца».

Штопраўда, дэпутат Вадзім Дзевятоўскі, у інтэрвʼю «Белсату» гэтае цверджанне аспрэчвае, маўляў – пэўныя змены ўсё ж плануюцца, хоць і павольныя.

ВАДЗІМ ДЗЕВЯТОЎСКІ, ДЭПУТАТ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ:

«Рэформы ўрад прапануе, і важна, што не рэзкія нейкія крокі, шокавую тэрапію… а менавіта… жорсткія захады, ад якіх маглі б пацярпець людзі».

Незалежныя аналітыкі, аднак заўважаюць, што захады, ад якіх могуць пацярпець людзі – акурат адзіныя, што ўлады рэалізоўваюць. Разгон інфляцыі пры падзенні заробкаў, павелічэнне тарыфаў ЖКГ і пенсійнага ўзросту, ды іншыя балючыя захады не суправаджаюцца раздзяржаўліваннем эканомікі, якое магло б кампенсаваць гэтыя страты за кошт большай дзелавой актыўнасці.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў